Дзень вызвалення

3 ліпеня ў Беларусі адзначылі Дзень незалежнасці. Але людзі старэйшага пакалення больш памятаюць яго, як Дзень вызвалення. Менавіта 3 ліпеня 1944 года сталіца Беларусі была вызваленая ад нямецкіх акупантаў. Самы знакаміты мастацкі твор, прысвечаны гэтай падзеі – карціна мастака Валянціна Волкава, яна так і называецца “Мінск 3 ліпеня 1944 года”. Твор уражвае ўсім. Яго памеры – каля васьмі метраў уздоўж і трох метраў у вышыню. Гэта самае вялікае жывапіснае палатно ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Каб сцяна вытрымала вагу рамы, давялося рабіць адмысловыя жалезабетонныя выступы. Аўтар працаваў над карцінай з 1946 па 1955 год.

Як і кожны знакавы, па-сапраўднаму таленавіты твор, які стаўся сімвалам сваёй эпохі, абрастае чуткамі. Іх распускалі нядобразычліўцы і зайздроснікі мастака. Калегі гаварылі ў яго за спінай, нібыта Валянцін Волкаў насамрэч пачаў пісаць сваю карціну яшчэ летам 1941-га года ў акупаваным Мінску і першапачаткова яна была прысвечаная ўваходу гітлераўцаў у беларускую сталіцу. Нібыта, мастак нават атрымаў ад акупантаў грашовы аванс на стварэнне маштабнага палатна, якое амаль закончыў да 1944 года, а потым, калі прыйшлі савецкія войскі, проста перамаляваў немцаў на чырвонаармейцаў. Прычым не проста казалі, а прыводзілі даволі пераканаўчыя доказы. Маўляў, паглядзіце ўважліва, чамусьці салдаты і танкі выехалі на мінскую Плошчу Свабоды з захаду, адкуль па логіцы павінны з’явіцца толькі немцы. А яшчэ матацыкл у савецкіх салдатаў на карціне нямецкі – BMW.

Валянцін Волкаў, сапраўды, заставаўся ў акупаваным Мінску, там і сустрэў вызваленне ў 1944-м. Але не трэба забывацца, што эвакуацыю горада ніхто не праводзіў. Кіраўніцтва БССР проста ўцякло ў Магілёў перад самым прыходам немцаў. Быў пакінуты нават архіў кампартыі Беларусі з картатэкай усіх камуністаў. Вось і ездзілі гестапаўцы па спісаных адтуль адрасах. Кожны камуніст мусіў пісаць ім распіску, што адмаўляецца ад палітычнай дзейнасці. Парушыў абяцанне – трапіш у канцлагер, або пойдзеш пад расстрэл.

Кіраўнікоў заводаў, фабрык і іншае начальства акупанты знаходзілі таксама проста. Яны аб’язджалі Мінск з тэлефоннай кнігай у руках. Калі ў цябе ёсць хатні тэлефон, то ты абавязкова начальнік. Такія “госці” рабілі прапанову, ад якой нельга адмовіцца – выходзіш на працу, збіраеш свой былы персанал і аднаўляеш вытворчасць. Мастакоў таксама аб’ехалі па даведніку творчага саюза, усіх прымусілі стаць на ўлік на біржу працы, выдалі фарбы, паперу, палатно, пэндзлі. Назамен кожны мастак мусіў раз на тыдзень выстаўляць свае творы ў фае опернага тэатра. Нямецкія афіцэры, якія хадзілі на спектаклі, набывалі карціны, што ім спадабаліся. Вялікім попытам карысталіся краявіды з бярозкамі. Іх акупанты адсылалі дахаты. Яшчэ ахвотна куплялі гарадскія краявіды з руінамі і падбітай савецкай вайсковай тэхнікай. Таксама маглі замовіць свой партрэт. Звычайна разлічваліся не грашыма, а прадуктамі, цыгарэтамі. Вось так і выжываў у акупаваным Мінску выпускнік яшчэ Імператарскай акадэміі мастацтваў, што ў Пецярбурзе, Валянцін Волкаў. Пра манументальны заказ ад акупантаў гаворкі і быць не можа, бо мастак пасля вызвалення паспяхова прайшоў фільтрацыйную камісію СМЕРШа.

Уваход савецкіх войскаў у сталіцу ён бачыў на ўласныя вочы — савецкія танкі выйшлі ў цэнтр горада праз ацалелы мост праз Свіслач з захаду. І матацыклы ў вызваліцеляў былі трафейныя. У Савецкім Саюзе ані да вайны, ані падчас яе сваіх матацыклаў проста не выпускалі. Так што мастак намаляваў усё, як было насамрэч.