Дзень роднай мовы

У календары безліч розных памятных дзён. Тут і прафесійныя святы, і святы аматараў розных заняткаў. На люты прыпадае адно з міжнародных святаў, якое, як мне здаецца, мае вялікі сэнс для Беларусі. 21 лютага ва ўсім свеце адзначаюць Дзень роднай мовы. Сёлета гэтаму Дню споўніцца дваццаць гадоў. Усяго ў свеце пад пагрозай знікнення знаходзіцца каля шасці тысячы моў. На некаторых з іх гаворыць усяго колькі соцень чалавек, некаторымі яшчэ карыстаюцца дзясяткі тысяч.

Беларуская мова, хоць і займае даволі пачэснае месца ў сённяшнім свеце па ўзроўні выкладання, ужывання ў інтэрнэце, у богаслужэнні і ў друку – уваходзіць у лік шасцідзесяці самых распаўсюджаных моў свету, аднак, ААН яна прызнаная адной з моў, якой у будучым можа пагражаць знікненне. Наўрад ці такое адбудзецца ў рэальнасці, але ж тэндэнцыя навідавоку. Беларусь – адзіная краіна з былых рэспублік Савецкага Саюза, дзе мова тытульнай нацыі за гады незалежнасці звузіла сферу свайго ўжытку – найперш, у адукацыі і ў прыватным жыцці грамадзян.

Беларусь яшчэ у часы Вялікага Княства Літоўскага была шматкультурнай краінай. Тут гучалі беларуская, польская, габрэйская, татарская, лацінская, царкоўна-славянская мовы. На іх пісалі літаратуру, выдавалі кнігі свецкія, богаслужэбныя, вялося справаводства. Унікальнай з’явай ёсць так званыя “кітабы”. Некаторыя нашчадкі беларускіх татар, якія з’явіліся ў нас яшчэ ў XIV стагоддзі, пакрысе забываліся родную мову. Гэта адбывалася з-за таго, што татарам, якія траплялі да нас у палон, або вымушаныя былі бегчы ў Беларусь разам са сваім ханам з-за палітычных падзей у Крыме – у асноўным ваяры, было дазволена браць у жонкі беларусак. Вось і атрымлівалася, што бацька-татарын служыў у нашым войску, мог месяцамі не з’яўляцца дома, а дзяцей выхоўвала маці, ад якой яны і пераймалі нашую мову. Кожны мусульманін ведаў арабскую пісьмовасць, мог не разумець сэнсу напісанага, але ж мусіў умець чытаць арабскія тэксты для малітваў. Вось і пачалі яшчэ ў XV стагоддзі беларускія татары пісаць арабскімі літарамі па-беларуску. З гэтых тэкстаў, збольшага свецкіх, сённяшнія даследчыкі могуць пераканаўча сцвярджаць, што ў старадаўняй беларускай мове ўжо былі “дз” і “дж”, бо ў арабаў яны ў алфавіце ёсць, а ў старым напісанні царкоўна-славянскай кірыліцай асобна не пазначаліся.

Шматкультурнасць, шматмоўнасць Беларусі атрымала заканадаўчы статус пасля абвяшчэння БССР. У Канстытуцыі дзяржаўнымі мовамі былі абвешчаны адразу чатыры: беларуская, руская, габрэйская і польская. Насамрэч, руская мова была не другой дзяржаўнай, а толькі трэцяй. Па колькасці вучняў у школах на габрэйскай мове – ідыш, навучалася больш вучняў, чым па-руску. Гэта ў БССР, але ж да вайны Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Другой Рэчы Паспалітай. Там, вядома, пераважалі школы з польскай мовай навучання, але ж працавалі беларускія, габрэйскія і рускія.

Шматмоўнсць Беларусі знікла пасля Другой сусветнай вайны. Нацысты амаль дашчэнту знішчылі беларускіх габрэяў. Пасля перамогі палякі і тыя каталікі, хто вырашыў за лепшае запісацца палякамі, з’ехалі ў Польшчу. З 1945 году пачалося няўхільнае скарачэнне сферы ўжывання і беларускай мовы.

Кіраўнік СССР Мікіта Хрушчоў у 1959 годзе падчас свайго прыезду ў Мінск заявіў, што  “… чым хутчэй мы ўсе будзем гаварыць па-руску, тым хутчэй збудуем камунізм”. Сённяшнія беларусы масава загаварылі па-руску, але ж камунізм па рэцэпце Мікіты Хрушчова так і не адбыўся. Мо, усё ж такі праблема не ў мове? Або, наадварот, у ёй?