Дзень настаўніка

Міжнародны Дзень настаўніка прыпадае на 5 кастрычніка. У беларускім календары яго афіцыйна святкуюць у першую нядзелю гэтага месяца. Ну, а ў рэальнасці адзначылі па нашых школах ужо ў мінулую пятніцу. Так што, амаль цэлы тыдзень у беларускіх настаўнікаў свята. Яны яго заслужылі, як і настаўнікі ўсіх іншых краін.

Кожны з нас некалі быў школьнікам. У школе мы ўпершыню даведваліся, што такое сапраўднае сяброўства, першае каханне, першыя поспехі і расчараванні. І ў кожнага былі свае настаўнікі. Мы памятаем іх: любімыя, суворыя, справядлівыя, патрабавальныя… Яны вучылі нас не толькі сваім навукам, а і жыццю. Таму яны нам і запомніліся.

Школьная адукацыя — частка няспыннага жыцця. Гэта, як сеяць, збіраць жыта, пячы хлеб. Нішто не можа спыніць гэты працэс. Школы ў Беларусі працавалі нават падчас нямецкай акупацыі. Абавязковай, мінімальнай была чатырохкласная адукацыя. Пра тое, як маладая жанчына пад немцамі стала дырэктаркай вясковай школы, я і раскажу вам са слоў яе ўнука, майго знаёмага, які жыве ў Барысаве. Яго бабуля скончыла педагагічную вучэльню ўжо пад бамбёжкамі ў 1941 годзе. Нават выпускных іспытаў не было. Проста сабралі навучэнцаў апошняга курса, абвясцілі ім, якія адзнакі паставяць і спыталіся: “Згодныя?” Вядома, усе былі згодныя. Вось і распусцілі іх з навюткімі дакументамі па хатах, калі ў горадзе ўжо з’явіліся немцы.

У 1942 годзе ўсіх настаўнікаў з раёна сабралі ў Барысаве. Бургамістр сказаў, што аднаўляюць працу школак, і цяпер будуць вучыць у іх дзетак. А ў той вёсцы, дзе жыла бабуля майго знаёмага, апроч яе былі яшчэ трое настаўнікаў. Адзін стары і дзве цёткі. Усе трое адразу ж і сказалі ёй, што яна адцяпер стане дырэктаркай школы. Бо бегаць па алоўкі, чарнілы, паперы, сшыткі і падручнікі давядзецца ў Барысаў. А яна маладая, то і ногі ў яе не старэйшыя. Так і прапрацавала яна на канца 1943 года. Тады яе немцы арыштавалі за сувязь з партызанамі. Давесці ім нічога не ўдалося, дый стараста вёскі прайшоўся па хатах, сабраў подпісы жыхароў, якімі яны пацвердзілі яе лаяльнасць да новай ўлады. Карацей, дырэктарку школы вызвалілі, аднак дахаты не адпусцілі, пастанавілі вывезці ў Нямеччыну на працы. Перасыльны лагер месціўся каля барысаўскага вакзала. На ім якраз з’явіліся першыя перасяленцы са Смаленскай вобласці, якую пачала вызваляць Чырвоная армія. Вось беларуска і паспрабавала выкарыстаць магчымасць. Падышла да немца, які іх ахоўваў. Ведаў нямецкай мовы з праграмы педвучэльні ставала для простай размовы. Яна сказала, што добраахвотна едзе са Смаленска ў Германію, што ў Барысаве ў яе сваякі, і яна хацела б зайсці да іх, узяць прадукты. На што стары немец жорстка сказаў “не”. Аднак, калі яго змяніў на пасту маладзенькі салдат, то відаць, учарашні школьнік адчуў настаўніцкія ноткі ў голасе і пагадзіўся адпусціць на “адну гадзіну”. Ясна, што “адна гадзіна” моцна расцягнулася, былая дырэктарка ў перасыльны лагер не вярнулася, а падалася да партызанаў. У атрадзе і дачакалася вызвалення, потым зноў выкладала ў школе. У яе застаўся і парадны здымак школьнага выпуску 1943 года. Вось толькі яна, баючыся за сябе і сваіх вучняў, потым пераправіла “3” на “5” так, нібыта, закончылі яны школу ўжо пасля вызвалення. Але ж здымак не выкінула, не спаліла, бо гэта былі яе вучні, для якіх яна сталася настаўніцай.

Цяпер мы нярэдка гаворым, што жывём у няпросты час. Ранейшыя часы былі яшчэ больш няпростымі. Пацярпець можна было і ад сваіх, і ад чужых, нават, толькі за тое, што вучыш дзяцей.