Дзень кiно

Дзень беларускага кіно, які адзначаюць 17 снежня, адно з нешматлікіх прафесійных святаў нашай краіны, што не вядзе наўпростава свой радавод ад агульнасаюзнага мінулага. 17 снежня 1924 года  выйшла пастанова Савета Народных Камісараў “Аб кінавытворчасці ў БССР”. І тады ж было створана Дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі “Белдзяржкіно”.

Афіцыйна лічыцца, што першы беларускі мастацкі фільм — “Лясная быль”, прэм’ера якога адбылася 26 снежня 1926 года ў Мінску. Стужка дынамічная, прыгодніцкая, распавядае пра беларускіх партызан часоў савецка-польскай вайны. Ён цікавы ўжо, хаця б тым, што ў ім саміх сябе грала вышэйшае кіраўніцтва тагачаснай БССР: Аляксандр Чарвякоў, які ўзначальваў Цэнтральны выканаўчы камітэт і адпаведна з’яўляўся першай службовай асобай рэспублікі; Язэп Адамовіч – старшыня Савету народных камісараў; Вільгельм Кнорын – былы кіраўнік Камуністычнай партыі Беларусі. Прэцэдэнт, якога не здаралася ў гісторыі мастацкага кіно ані да гэтага, ані пасля.

Праўда, з першым мастацкім беларускім фільмам не ўсё так проста. Некаторыя кіназнаўцы сцвярджаюць, што гэта не “Лясная быль” а стужка “Прастытутка”, прэм’ера якой адбылася 15 сакавіка 1927 года. Маўляў, да мінскай прэм’еры паспела адбыцца маскоўская, ды і фільм з такой назвай быў скончаны раней за “Лясную быль”.

Зразумела, што распачынаць гісторыю беларускага кінематографа больш выгодна з патрыятычнага баевіка, а не з кінафільма, прысвечанага вельмі сумнеўнай прафесіі. Аднак, паспрабуем разабрацца, чаму ўвогуле ў тыя гады спатрэбілася здымаць такі фільм, чаму ён быў запатрабаваны гледачом?

Мы прывыклі лічыць, што ў Савецкім Саюзе прастытуцыі афіцыйна не існавала. І першы фільм, які закрануў гэтую праблему, перабудовачны – знакамітая “Інтэрдзеванька”. Але ж такое сцвярджэнне справядлівае толькі для СССР ўзору 1930-80-х гадоў. У канцы 1920-х гадоў у прэсе яшчэ дастаткова вольна абмяркоўваліся рэальныя сацыяльныя заганы. Прастытуцыя ў БССР асуджалася, але не была пад забаронай. Калі міліцыянер лавіў прастытутку на “гарачым учынку”, то, максімум, што ён мог зрабіць – гэта даставіць яе ў пастарунак, правесці прафілактычную гутаркі і адпусціць дадому. Вось зводніцтва, арганізацыя дамоў цярпімасці ўжо цягнулі на крымінальную справу і рэальныя турэмныя тэрміны. Прастытутак у Мінску было шмат, бо, пачынаючы з 1914 года, тут размяшчаліся вайскоўцы – пасійскія, нямецкія, савецкія, польскія, а вайна прымусіла зачыніць большасць прамысловых прадпрыемстваў. На прастытутак савецкая ўлада спачатку глядзела даволі паблажліва. Бо яны па тагачаснай кваліфікацыі належалі да пралетарыяў – жылі з уласнай працы і нікога не эксплуатавалі.

Нават больш таго, традыцыйная сям’я ўважалася замаскаванай формай прастытуцыі, дзе жанчына прадае сябе мужу за матэрыяльныя даброты. У сямейнай сферы ў 1920-я гады беларускія камуністы ставілі рэвалюцыйныя эксперыменты. Так, камсамольская газета “Чырвоная змена” з захапленнем пісала пра “чырвонае вяселле”, якое згулялі адразу дзве пары камсамольцаў – “адважная чацвёрка”. То бок, дзве дзяўчыны і два хлопцы ўтварылі адну сям’ю, сталі жыць разам, вялі адну гаспадарку. І неўзабаве ў іх чакалася з’яўлення новага будаўніка “светлай будучыні”.

Зрэшты, не так важна, які фільм быў першым. Кіно і пагэтуль застаецца “самым галоўным з усіх мастацтваў”. Праўда, знаўцы сцвярджаюць, што Уладзімір Ленін ніколі такой фразы не пісаў, не гаварыў, а прыдумалі яе самі кінематаграфісты, каб было лягчэй атрымліваць дзяржаўнае фінансаванне на свае фільмы.