Дзедаўшчына

Смерць пінскага хлопца, які праходзіў тэрміновую службу ў вайсковай частцы пад Барысавам, прымусіла беларускае грамадства абмяркоўваць тэмы так званай дзедаўшчыны і самагубстваў у войску. Усю праўду ведаў толькі сам загінулы. Ці сам ён звёў рахункі з жыццём, ці быў забіты, пра гэта павінна дазнацца следства. Спадзяемся, так і будзе.

Існуе меркаванне, што самагубствы здараюцца ў войску часцей, чым сярод цывільных. Але гэта не так. Беларусы ўвогуле адныя з еўрапейскіх рэкардсменаў па колькасці самагубстваў. Ці клімат наш дэпрэсіўны, ці ментальнасць беларуская такая інтравертная. У нас на 100 000 насельніцтва штогод здараецца каля 18 суіцыдаў. Калі ўзяць колькасць вайскоўцаў у краіне, то сярод іх гэты паказчык прыкладна такі ж самы. Проста кожны асобны выпадак набывае шырокі розгалас у грамадстве.

А вось тое, што дзедаўшчына, нестатутныя адносіны могуць справакаваць маладога чалавека звесці рахункі з жыццём, неаспрэчны факт. Некаторыя лічаць, што дзедаўшчына – спараджэнне выключна тэрміновай службы. Маўляў, былі б у войску адныя кантрактнікі-прафесіяналы, то і праблема сама сабой знікла. Але дзедаўшчына, здзекі старэйшых саслужыўцаў з маладзейшых здараюцца і ў амерыканскім войску, і ў канадскім, укамплектаваных прафесіяналамі.

Тэрміновая служба існуе не толькі ў беларускім войску. І ёсць краіны, дзе на дзедаўшчыну ўжо забыліся. Возьмем прыклады Эстоніі і Фінляндыі. Там падраздзяленні, скажам, батальён, камплектуюць з хлопцаў аднаго прызыву. Так што ані “дзядоў”, ані “духаў” там не можа быць па вызначэнні. Да таго ж салдаты ў вайсковай частцы самі абіраюць з сваіх шэрагаў уласнага прадстаўніка, гэткага амбудсмена, які прадстаўляе іх інтарэсы, абараняе правы перад камандаваннем, удзельнічае ў вырашэнні спрэчных пытанняў, разглядзе скаргаў. А яшчэ існуе агульнанацыянальная газета, якую робяць самі салдаты. Яны дасылаюць у яе артыкулы, фотаздымкі, узнімаюць актуальныя праблемы. Прафесіяналы толькі рэдагуюць, займаюцца вёрсткай, выданнем і распаўсюдам. Такая газета, дарэчы, вельмі папулярная і сярод цывільнага насельніцтва.

У Эстоніі і Фінляндыі не імкнуцца з каранямі вырваць маладога чалавека са звыклага яму жыцця. Наадварот, стараюцца максімальна захаваць і падтрымліваць старыя сувязі. Ледзь не штодня салдаты пасля службы могуць пайсці ў горад. Адзіная ўмова, быць на вечаровым пастраенні. На суботу і нядзелю ў частцы застаюцца толькі тыя, хто заняты па службе, альбо знаходзіцца на баявым дзяжурстве. Усе астатнія, калі хочуць, могуць паехаць дахаты.

І гэта спрацоўвае значна лепш, чым рэкламныя ролікі пра службу ў войску, якія круцяць па тэлебачанні. Калі малады чалавек штотыдзень бачыць у двары свайго аднакласніка ці суседа, які пайшоў служыць, жывога і здаровага, і той не расказвае ніякіх жахаў пра войска, а наадварот, запэўнівае, што ўсё там у яго ў парадку, то і знікае страх прад службай.

Так што ў змаганні з дзедаўшчынай нічога новага нам выдумляць не трэба. Усё ўжо прыдуманае да нас і выдатна працуе. У Эстоніі і Фінляндыі выкаранілі гэтую з’яву. Войска, вядома, вельмі кансерватыўная сістэма, але і кіруемая. Так што і ў нас, у тых частках, дзе камандаванне ўсур’ёз наважылася выкараніць нестатутныя адносіны, шмат чаго зроблена. Пройдзе час, і ад дзедаўшчыны ў нашых узброеных сілах застануцца толькі некаторыя салдацкія фальклорныя абрады. Скажам, “пахаванне акурка”, калі салдат, які кінуў недапалак на зямлю, мусіць капаць для яго яму два на два метры і ўрачыста хаваць перад строем.