Дывізія імя Каліноўскага

Гісторыя заўсёды мае розныя магчымасці развіцця. У не такім ужо і далёкім мінулым для Беларусі існавалі цалкам рэальныя для выканання, але няспраўджаныя праекты. Так, пад самае заканчэнне Другой сусветнай вайны Іосіф Сталін разглядаў магчымасць стварэння новай дзяржавы, яшчэ аднога Сацыялістычнага Саюза, у які павінны былі ўвайсці ўсходне-еўрапейскія краіны, што знаходзіліся пад кантролем савецкіх войскаў і Беларусь, якую савецкі кіраўнік планаваў дзеля гэтага вывесці са складу СССР. Сталіцай гэтай новай сацыялістычнай супердзяржавы мусіў стаць Мінск. Цікавы праект. Зразумела, што гэтая дзяржава скончыла б сваё існаванне, як скончыў яго і СССР. Але ж, скажам, у БССР ужо былі б напрацаваныя трывалыя сувязі з Берлінам, Варшавай, Прагай… А Мінск па-ранейшаму ўспрымаўся б, як адна з сусветных сталіц. У апошні момант рэалізацыю праекта спынілі. Сталася, як сталася.

Яшчэ адзін шматабяцальны праект для БССР у Крамлі рыхтавалі летам-восенню 1942 года і тычыўся ён стварэння асобнай Беларускай Чырвонай Арміі. Далейшы ход вайны пакуль быў не ясны. Немцы яшчэ атрымлівалі перамогі пад Харкавам, у Крыме, на Каўказе. І Сталін выкарыстоўваў любую магчымасць папаўнення войска. Так узнікла ідэя стварэння ў складзе Чырвонай Арміі нацыянальных частак з грамадзянаў акупаваных нацыстамі краін. Менавіта такім чынам паўсталі Польскае Войска Зыгмунда Берлінга – так званыя “касцюшкоўцы”, чэхаславацкі корпус генерала Людвіка Свобады, французская авіяцыйная частка “Нармандыя”. Перад тагачасным кіраўніком БССР Панцеляймонам Панамарэнкам, а кіруючыя органы Савецкай Беларусі на той час знаходзіліся ў эвакуацыі ў Маскве, была пастаўленая задача па стварэнні Беларускай Арміі – нацыянальных узброеных сіл БССР. Яшчэ ў дакументах сустракаюцца назвы: Беларуская Нацыянальная Армія і Беларуская Асобная Армія.

Беларускія чыноўнікі і партыйныя дзеячы грунтоўна ўзяліся за справу. Была праведзеная рэвізія нацыянальных вайсковых кадраў. Выявілася, што малодшага, сярэдняга і старшага камандуючага складу, як тады называлі афіцэраў, з ліку беларусаў хопіць на пяць беларускіх армій. У вышэйшым камскладзе налічылі 66 генералаў-беларусаў. З іх шэсць на той момант ужо камандавалі арміямі. Зразумела, што ў выпадку фармавання да новага войска далучылася б вялікая колькасць добраахвотнікаў – беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Агульная колькасць “штыкоў” была вызначаная, як 169 000 чалавек. Дзяржаўны камітэт абароны СССР прыняў пастанову сфармаваць 1-ю Беларускую армію на тэрыторыі Маскоўскай вайсковай акругі і 2-ю на тэрыторыі Уральскай вайсковай акругі. Палкі мусілі насіць беларускія назвы: Мінскі, Палескі, Пінскі, Тураўскі… Дывізіям надаваліся імёны гістарычных дзеячаў і вайсковых герояў: Кастуся Каліноўскага, Мікалая Гастэлы, Ільва Даватара… І адной з дывізій надавалі назву імя Вярхоўнага Савета БССР. У дакументах сустракаецца такое азначэнне: “армія мсціўцаў-беларусаў”. Пры камплектацыі ўзводаў, аддзяленняў рэкамендавалася залічваць у іх блізкіх сваякоў – братоў, бацьку і сына, сяброў, аднавяскоўцаў. Замест статутнага вітання “здравия желаю уводзіўся вітальны вокліч “Смерць фашыстам!” і адказ на яго “Смерць!”

Усё было гатовае да фармавання Нацыянальнай Беларускай Арміі. Не ставала толькі подпісу Сталіна пад пастановай Дзяржаўнага камітэта абароны. Але подпіс так і не з’явіўся. У лістападзе 1942 года пад Сталінградам адбыўся пералом у ходзе вайны, немцы сталі адступаць, і ламаць структуру Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі галоўнакамандуючы не рызыкнуў.