Два па сто

Назва калонкі – гэта не тое, што Вы падумалі, бо, разумею, чалавечая свядомасць у святочныя дні мае пэўную застольную скіраванасць. “Два па сто” — так беларускія гісторыкі жартам называюць 2018 год, бо на яго прыпадаюць два стагадовыя юбілеі нашай дзяржаўнасці. Па-першае, 100 год абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, па-другое, 100 год стварэння БССР. Апошняя дата практычна зліваецца з навагоднімі святамі.

Нажаль, веды пра гэтыя гістарычныя падзеі не вельмі пашыраныя ў нашым грамадстве. Далёка не кожны беларус цяпер памятае, што і назва рэспублікі першапачаткова гучала крыху інакш: Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, або скарочана ССРБ. Дарэчы, па такім жа прынцыпе была абвешчана і Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Украіна са сталіцай у Харкаве. Аднак яе кіраўніцтва ўжо праз некалькі месяцаў адмовілася ад немілагучнай на яго погляд назвы на карысць УССР. А вось абрэвіятура ССРБ у афіцыйных дакументах ужывалася да сярэдзіны 1920-х гадоў.

Стварэнне Савецкай Беларусі пачалося ў снежні 1918 года ў Маскве на канферэнцыі Беларускіх секцый, дзе было выбранае Цэнтральнае бюро беларускіх камуністычных арганізацый, якое ўзначаліў Зміцер Жылуновіч, вядомы яшчэ і па сваім літаратурным псеўданіме, як Цішка Гартны. 23 снежня адбылася сустрэча кіраўнікоў Бюро з кіраўніком ураду Савецкай Расіі Уладзімірам Леніным, які падтрымаў ідэю стварэння Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Не трэба думаць, што Уладзімір Ільіч быў вялікім прыхільнікам беларускай незалежнасці, аднак, бальшавікі мусілі стварыць альтэрнатыву абвешчанай паўгады таму БНР і мець буферную дзяржаву паміж сабой і Польшчай.

Супраць стварэння, няхай сабе і Савецкай Беларусі, выступалі прадстаўнікі выканкама так званай Заходняй вобласці ў складзе Расіі – сярод іх не было беларусаў па паходжанні і яны не бачылі сэнсу ў стварэнні асобнай рэспублікі. Але ж ісці супраць рашэння ЦК партыі яны не наважыліся. І вось тады – 30 снежня 1918 года ў Смаленску адбыўся І з’езд Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі, на якім 1 студзеня 1919 года і было абвешчана стварэнне ССРБ. Дзякуючы ціску Іосіфа Сталіна большасць ва ўрадзе атрымалі прадстаўнікі выканкама Заходняй вобласці. Як потым пісаў у сваіх успамінах у 1925 годзе Вільгельм Кнорын: “… нам удалося адхіліць беларусаў ад кіраўніцтва камуністычнымі секцыямі, якія ствараліся, і такім чынам мы пачалі кіраваць Беларуссю ад імя саміх беларусаў”. Праўда, урад узначаліў Зміцер Жылуновіч.

Такім чынам, першай сталіцай Савецкай Беларусі стаў Смаленск, а тэрыторыя новай рэспублікі складалася са Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губерній. 2-3 лютага 1919 года ўжо ў Мінску адбыўся І з’езд Саветаў Беларусі, на якім прынялі Канстытуцыю, герб і сцяг. Потым былі спробы стварыць Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку Літвы і Беларусі, адбылася Савецка-польская вайна, падзел Беларусі паміж СССР і Польшчай. Так што сапраўднае дзяржаўнае будаўніцтва ў Савецкай Беларусі са сталіцай у Мінску пачалося толькі ў пачатку 1920-х гадоў. Гэта была ўнікальная рэспубліка з чатырма дзяржаўнымі мовамі: беларускай, ідыш, польскай і рускай. На іх афармляліся шыльды, выдаваліся газеты, часопісы, працавалі школы, тэатры. На кожнай з гэтых моў грамадзяне маглі звяртацца ў дзяржаўныя ўстановы і на іх жа атрымліваць адказы. Паўсталі Беларуская акадэмія навук – БАН, універсітэт.

Зразумела, БССР не была паўнавартаснай дзяржавай, але менавіта яна з’явілася базай для абвяшчэння сённяшняй Рэспублікі Беларусь.