Дні перамогі

Здавалася б, не можа быць некалькіх дзён перамогі ў Другой сусветнай вайне. Бо вайна была адна, і перамога, адпаведна, таксама мусіць быць адна. Але, давайце не спяшацца. Калі ўзяць беларускі каляндар, то ў ім, як Дзень Перамогі, будзе пазначана 9 мая. У гэты дзень ў нашай краіне праходзяць урачыстасці…

Памятаю, гадоў дваццаць таму адпачываў у Тунісе. Прыехаў туды на пачатку мая. Вядома, на адпачынку забываешся шмат на якія рэчы, не толькі на працоўныя праблемы. Выпадаеш са звычайнага кантэксту. І раптам праз тыдзень адпачынку ўбачыў, што па ўсім горадзе вывешваюць дзяржаўныя сцягі, транспаранты. Атрымлівалася, што ў Тунісе адзначаюць нейкае агульнанацыянальнае свята. Захацеў даведацца, якое менавіта, і спытаўся ў афіцыянта ў гатэльнай рэстарацыі. І адразу адчуў сябе поўным дурнем – араб пачаў мне, беларусу, тлумачыць, што была такая вайна з немцамі. Маўляў, перамогу над нацызмам і святкуюць у Тунісе. Зразумела, я ведаў, што баявыя дзеянні вяліся не толькі ў Еўропе, але і ў Паўночнай Афрыцы. Гітлер імкнуўся захапіць мясцовыя радовішчы нафты, бо Германіі катастрафічна не ставала паліва для запраўкі танкаў, самалётаў, машын. А брытанскія войскі ваявалі ў Афрыцы супраць нацыстаў, каб не дапусціць іх да нафты. Дарэчы на баку брытанцаў у складзе Войска польскага змагаліся і тысячы нашых суайчыннікаў — ураджэнцаў Заходняй Беларусі. Але тады я ўпершыню асабіста сутыкнуўся з фактам, што Дзень Перамогі па-за межамі былога СССР адзначаюць не 9 мая, а 8 мая.

Чаму ж так адбылося? Што не падзялілі пераможцы ў маі 1945 года? Звернемся да фактаў. 30 красавіка Адольф Гітлер скончыў жыццё самагубствам у сваім берлінскім бункеры. Прынамсі, пра гэта было аб’яўлена афіцыйна, і ўлада ў Германіі перайшла да Карла Дёніца. І ўжо 7 мая 1945 года, а 02.40 ночы генерал Альфрэд Ёдэль падпісаў Акт капітуляцыі Германіі. Яго прынялі ад саюзнага боку генерал Сміт, а ад СССР генерал-маёр Суслапараў. Паводле гэтага акту капітуляцыя Германіі набывала моц 8 мая а 23.01. Вось у гэты дзень – з раніцы 8 мая, у Еўропе і пачаліся святкаванні перамогі.

Аднак, Сталін быў незадаволены гэтым актам, бо яго падпісанне адбылося без узгаднення з Масквой. Генерал-маёр Суслапараў нават атрымаў вымову. Савецкі правадыр загадаў, каб маршал Жукаў прыняў капітуляцыю ў Берліне ад прадстаўнікоў усіх відаў узброеных сіл Германіі. Што і было зроблена 9 мая а 00.43 па маскоўскім часе, дарэчы, падпісалі яе і прадстаўнікі нашых саюзнікаў. Але ў Берліне 9 мая яшчэ не настала. Вось так атрымалася, што ў Еўропе Дзень Перамогі адзначаюць двойчы з разбежкай у адзін дзень.

Дарэчы, гэты дзень пры Сталіне адзначалі, як выходны, толькі да 1948 года, потым выходны быў перанесены на Новы год. І толькі пры Брэжневе – у 1965 годзе 9 мая вярнулі статус выходнага. Да 1947 года ў СССР адзначалі, як Дзень Перамогі, і 3 верасня 1945 года. Хаця тут таксама блытаніна. Японія капітулявала 2 верасня, тады і скончылася Другая сусветная вайна. Але сталінскім указам менавіта 3 верасня было аб’яўлена святам перамогі. Потым пра гэты дзень перасталі згадваць. Памяць пра яго ў Беларусі захавалася толькі ў назвах вуліц некаторых нашых гарадоў.

У Савецкім Саюзе больш прыжыўся тэрмін Вялікая Айчынная вайна, якая была адным з эпізодаў Другой сусветнай вайны, хоць і самым крывавым. У гісторыкаў усяго свету яна носіць назву Савецка-Германскай вайны. Зрэшты, не так важна, якім тэрмінам называць мінулую вайну, днём раней ці пазней шанаваць тых, хто здабыў перамогу. Галоўнае, памятаць пра герояў і пра страты.