Дарогi i аўтамабiлi

На сёння Беларусь адна з самых аўтамабілізаваных краін у сваім рэгіёне. Нездарма людзі самі з сябе смяюцца, маўляў, мінімальны пражытковы бюджэт у нас гэта: “чарка, шкварка і іншамарка”. То бок, аўтамабіль, хай сабе і патрыманы, даступны кожнаму беларусу, які мае ў ім патрэбу. Дарэчы, і дарогі ў нас някепскія, значна лепшыя, чым у суседніх Расіі і Украіне. Так што ёсць па чым ездзіць і на чым ездзіць.

Яшчэ за адносна нядаўнім савецкім часам прыватная машына была больш атрыбутам раскошы, чым сродкам для перасоўвання. А як абстоялі справы з аўтамабілізацыяй ў даваеннай Беларусі? У БССР да вайны аўтамабільны парк развіваўся даволі імкліва. Аднак, толькі ў дзяржаўным сектары. Грузавікі з’яўляліся ў сельскай гаспадарцы, будаўнічых арганізацыях, у войску. На легкавіках ездзіла высокае начальства. На аўтамабілі перасядалі медыкі са службы “хуткай дапамогі”, у Мінску працаваў таксапарк. Адзінай дарогай з асфальтавым пакрыццём заставалася шаша Заходняя мяжа-Мінск-Масква. Усё астатняе, у лепшым выпадку, брукаванае, у горшым – грунтоўкі. Прыватных машын практычна не існавала. Аўтаўласнікамі ў БССР можна было назваць, хіба што, паэтаў Якуба Коласа і Янку Купалу, якім легкавікі падарыў урад і прыставіў да іх персанальных вадзіцеляў.

А вось у Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад міжваеннай Рэчы Паспалітай, прыватны аўтатранспарт быў даволі распаўсюджанай з’явай. Так, ужо на самым пачатку 1920 гг. Паўстаў Аўтамабільны клуб Польшчы. У Палескім ваяводстве, цэнтрам якога з’яўляўся Пінск, існавала ажно шэсць яго аддзяленняў. У Брэсце, Пінску, Лунінцы, Пружанах і Століне. На момант далучэння Заходняй Беларусі да БССР на Заходнім Палессі было зарэгістравана 217 аўтамабіляў. Найбольш распаўсюджаным і найбольш танным з’яўляўся італьянскі “Фіят” польскай зборкі. Аднак, дарагія мадэлі, кшталту “Ролс-Ройса”, былі, напрыклад, у нясвіжскім гаражы князёў Радзівілаў. У самім Пінску, як у адным з асноўных турыстычных цэнтраў Другой Рэчы Паспалітай, працавала фірма па пракаце легкавых машын. Тут можна было ўзяць на пракат нават спарткар.

З дарогамі было цяжэй. Рэч у тым, што пры Расійскай Імперыі іх будаўніцтва стрымлівалася штучна. Царскі ўрад рыхтаваўся да вайны з Германіяй і Аўстрыяй. А таму будаваў толькі чыгунку, па якой з-за розніцы ў шырыні каляіны не маглі з ходу прайсці варожыя вайсковыя саставы. Будаўніцтва аўтамабільных дарог актывізавалася толькі пасля аднаўлення Польшчай незалежнасці. Аднак, на Палессі адзінай добрай дарогай быў кавалак шашы ад Брэста да савецкай мяжы ў кірунку Мінска. Так, напрыклад, перабрацца аўтамабілем з Лунінца на другі бераг Прыпяці было немагчыма. Даводзілася грузіць легкавік на платформу і везці яго па чыгунцы праз адзіны тут мост. Да паромных перапраў не пад’едзеш з-за гразюкі. Часам на дапамогу аўтамабілістам прыходзілі маракі Пінскай вайсковай флатыліі, але толькі ў выпадках, калі тыя выконвалі ўхваленую ўладамі місію – скажам, вялі навуковыя даследванні.

Ужо ў міжваенныя часы існавалі зацверджаныя на дзяржаўным узроўні Правілы дарожнага руху. Каб атрымаць дакумент на дазвол кіраваць аўтамабілем ці матацыклам, неабходна было здаць іспыты. Хуткасць руху за горадам не абмяжоўвалася. Відаць, па тагачасных дарогах і так было асабліва не разагнацца. Затое ў населеных пунктах ехаць хутчэй за 40 кіламетраў на гадзіну забаранялася. Як і цяпер, прыярытэт у руху атрымлівалі картэж прэзідэнта, а таксама міністра абароны, аўтамабілі спецыяльных службаў: пажарных, “хуткай дапамогі”, паліцыі, вайсковай жандармерыі.