Дама з сабачкам

Насупраць майго дома стаіць другі пяціпавярховік. Зусім непадалёку. Так што, калі па цёмнаму выходжу на балкон папаліць, то міжволі сузіраю чужыя вокны.

У вокнах кватэры другога паверха штодня новыя сюжэты, персанажы. Кватэра з разраду тых, што пазначаюцца ў рэкламных аб’явах: “…здаецца на суткі, на гадзіны”. Там на кухні ніколі не зашморгваюць фіранкі. Магчыма, іх няма, магчыма, людзі не імкнуцца схавацца ад чужых вачэй, калі ведаюць, што іх бачаць тут у першы і апошні раз. Самыя спакойныя – закаханыя парачкі. Пасядзяць пры свечках, і пасля пары пацалункаў знікаюць у пакоі. Найбольш шумныя кампаніі маладых людзей, якія арандуюць кватэру, каб адзначыць якое свята. Дзіву даешся, колькі студэнтаў можа набіцца ў стандартную аднапакаёўку.

Адзін кароткі сюжэт з кватэры насупраць атрымаў для мяне працяг. Было ўжо вельмі позна, калі я выйшаў на балкон. За акном ярка асветленай кухні здымнай кватэры аказаліся двое мужчын – выхадцаў з Каўказу і маладая жанчына. Яны ўсе відавочна падпілі. Жанчына манерна смяялася, закідаючы галаву назад, фліртавала. Адзін з каўказцаў схіліўся да яе вуха і нешта прашаптаў, у адказ атрымаў поўху. Мужчына схапіў жанчыну за руку, пацягнуў у пакой. Праз адчыненую фортачку было чуваць, як яна просіць “адчапіцца”, “адпусціць”. Яна не клікала на дапамогу. Я вагаўся, стоячы з тэлефонам у руцэ. Нумар міліцыі я ўжо набраў, але не паспеў націснуць выклік, як жанчына выбегла з пад’езда. Ніхто за ёй не гнаўся. Каўказец вярнуўся да свайго сябры на кухню.

Выносіць смецце па цёмнаму – кепская прыкмета, аднак, не хацелася пакідаць яго у хаце нанач. У двары я ўбачыў тую самую маладую жанчыну, якая гучна плакала. Спытаўся — чым дапамагчы? Яна расказала мне, што жыве ў іншым раёне, выйшла прагуляць свайго сабачку, прыхапіўшы толькі ключы ад кватэры, пазнаёмілася з двума мужчынамі, якія запрасілі яе да сябе. Так і паехала з імі і з сабачкам. Потым адзін з каўказцаў спрабаваў яе згвалціць, а яна ўцякла. Выклікаць міліцыю адмовілася, хоць я мог выступіць у якасці сведкі. Ёй важнейшы быў сабачка, які выскачыў следам за ёй са здымнай кватэры. Мы яго шукалі больш за гадзіну, нарэшце знайшлі. Было ўжо позна, аўтобусы не хадзілі. Мне давялося браць таксі сваім коштам, каб давезці яе дадому. Жанчына пачувалася неадэкватна, таму я давёў яе да дзвярэй кватэры. Ад хвалявання яна не магла трапіць ключом у замок. Давялося ўзяць вязку і адчыніць самому. Калі маладая жанчына – аматарка прыгодаў, пераступіла парог, з ёй здарылася нечаканая метамарфоза. Яна вырвала ключы, падрапала мяне, злосна штурханула на пляцоўку з крыкам “усе вы аднолькавыя!” – і ляснула дзвярыма.

Крыўда-крыўдай, але давялося зноў браць таксі і потым дома тлумачыць жонцы, чаму я мушу развозіць на начным горадзе розных “прашмандовак з іх сабачкамі”, чаму вярнуўся дахаты з падрапаным тварам. Дзякуй Богу, паразумеліся. Я зноў выйшаў на балкон. Двое каўказцаў у доме насупраць спакойна пра нешта гаварылі на кухні. І тут каля пад’езда спыніўся мікрааўтобус. Я не паспеў і прыпаліць, як з яго выскачылі міліцэйскія спецпрызначанцы, прыставілі раскладныя драбіны, высадзілі шкло ў акне на другім паверсе і вывелі на вуліцу мужчынаў з нацягнутымі на галовы кашулямі.

Яны зніклі са сваім бусікам імкліва, як і з’явіліся. Раніцай суседзі мне распавядалі, нібыта на здымнай кватэры былі затрыманыя гандляры наркотыкамі. Мне і той маладой жанчыне з сабачкам проста пашанцавала, бо маглі трапіць “пад раздачу”. Лепш за ўсё – не цікавіцца жыццём суседзяў у доме насупраць.