Чырвоная нiтка

Мяркую, кожны часам заўважаў завязаныя на руцэ каго-небудзь са знаёмых чырвоныя ніткі, звычайна на левай руцэ. Амаль ніколі гэта не становіцца тэмай размовы. Зрэшты, кожны гаспадар сабе, што хоча, тое і завязвае. Да таго ж, большасць і так ведае, што чырвоная нітка на руцэ па народных павер’ях з’яўляецца надзейным сродкам ад сурокаў, не дае ліхім варажбітам нашкодзіць людзям. Можна па-рознаму ставіцца да народных вераванняў, якія захаваліся сярод людзей цягам тысячагоддзяў з язычніцкіх часоў. Можна верыць у іх, можна кпліва пасміхацца. Свецкі чалавек, нават, калі шчыра верыць у Бога, не заўсёды выконвае ўсе царкоўныя рытуалы. І не заўсёды яму стае рашучасці перайсці дарогу, па якой прабегся чорны кот.

Апошнім часам у прэсе даволі часта з’яўляюцца гутаркі з праваслаўнымі, каталіцкімі святарамі, у якіх асуджаецца нашэнне хрысціянамі тых самых чырвоных нітак. Маўляў, гэта чараўніцтва, магія і, такім чынам, служэнне д’яблу. Бывае, такі абрад выводзіцца нават з магічных практык кабалістычнай секты іўдаізму. Гэтыя гутаркі часцей за ўсё аформлены у выглядзе пытання, нібыта адна верніца ўбачыла на руцэ сяброўкі чырвоную нітку і пытаецца ў святара — ці можна так рабіць?

Не бяруся спрачацца са святарамі на іх “кананічнай тэрыторыі”. У іх адпаведная адукацыя, практыка, яны разбіраюцца ў тонкасцях трактоўкі Святога Пісання. Таму буду разважаць выключна, як свецкі чалавек. Не варта ківаць на Кабалу. Якія адносіны да яе маюць беларусы? У нас свае тысячагадовыя традыцыі. І адна з іх – вышыванкі. Там таксама пераважае чырвоная нітка. І праходзіць яна менавіта па манжэтах, па каўнярах, па прыполе – абараняе адтуліны ад пранікнення злыдухаў. Да таго ж, гэта не проста чырвоная нітка, а яшчэ і набор старажытных сімвалаў-абярэгаў. То што, забараніць і нашэнне вышыванак, у якіх нашы продкі стагоддзямі хадзілі да цэркваў і касцёлаў, адстойвалі сваю хрысціянскую веру? У вышыванках у народнай іканапіснай школе малявалі святых і Святое Сямейства. У наш час вышыванкі сталі элементам нацыянальнай культуры ўвогуле, а не пэўных магічных культаў. Яны даніна памяці продкаў.

Ёсць у мяне адзін знаёмы кінарэжысёр. Як і многія прадстаўнікі творчых прафесій, у маладосці ён вёў не вельмі правільны лад жыцця, з-за чаго яго і кінула жонка. Праз пэўны час нехта з сяброў завёў яго да касцёла. Рэжысёр шчыра паверыў у Бога і вырашыў выправіцца. Не ведаю, ксёндз яму параіў, ці хто з парафіян, але ён стаў хадзіць у чорнай кашулі, манжэты і каўнер зашпільваў тонкімі ланцужкамі з мініяцюрнымі срэбнымі крыжыкамі. У прынцыпе, тое самае спадзяванне, што і на чырвоную нітку, як на бар’ер для ліхіх уплываў і злыдухаў. Я разумею, што ўратавала яго шчырая вера. Рэжысёр кінуў піць, вярнуўся ў прафесію, ажаніўся, у іх з жонкай нарадзіліся дзеці. Асвечаныя крыжыкі-абярэгі дадавалі яму ўпэўненасці ў сваёй абароненасці ад грэшных спакус. Так і запаленая свечка, выява святога – не абавязковыя атрыбуты для малітвы, але яны дапамагаюць засяродзіцца на ёй.

Шчыра кажучы, і ў мяне на руцэ павязаная чырвоная нітка. Здарылася гэта выпадкова. На адной з літаратурных вечарын мая знаёмая – вядучая, згадала такі народны звычай і пайшла ў залу павязваць людзям ніткі. Па традыцыі зрываць такую нітку нельга, яна мусіць сатлець і спасці сама сабою разам з сурокамі. Продкі павязвалі натуральныя ніткі – льняныя, ваўняныя. Доўга яны не трымаліся. А мне не пашанцавала, цяпер ніткі вырабляюць з сінтэтыкі, яны “вечныя”. Другі год нашу, а яна, як новая.