Чый Касцюшка?

У гэтым месяцы шмат дзе ў свеце адзначалі дату – 200 гадоў са дня смерці Тадэвуша Касцюшкі.

Гэта быў легендарны чалавек – герой адразу некалькіх народаў. Найбольш ён вядомы, як кіраўнік паўстання 1794 года. Калі нашы продкі спрабавалі са зброяй у руках аднавіць незалежнасць нашай агульнай з палякамі дзяржавы Рэчы Паспалітай. Таксама Касцюшка праславіўся, як адзін са змагароў за незалежнасць Злучаных Штатаў Амерыкі, сябра і паплечнік Джорджа Вашынгтона. Помнікі яму стаяць па ўсім свеце, а ў Аўстраліі ягоным імем названая нават самая высокая на кантыненце горная вяршыня.

Але ж на кожным святкаванні здараюцца свае непаразуменні. Беларусы Швейцарыі вырашылі паставіць помнік нашаму земляку Тадэвушу Касцюшку ў Залатурне, горадзе, дзе кіраўнік паўстання пайшоў з жыцця 200 гадоў таму. Першапачаткова на помніку павінна была месціцца шыльда, дзе Касцюшка называўся “сынам Беларусі”. Але ў выніку ён быў усталяваны з падкарэктаваным надпісам «Тадэвуш Касцюшка. 1746–1817. Ад Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі. 2017 год» па-беларуску і нямецку. Гэты тэкст стаў вынікам кампрамісу пасля канфлікту швейцарскіх беларусаў з польскім паслом Якубам Кумахам. Дыпламату не спадабаўся тэкст на шыльдзе: «Сыну Беларусі ад удзячных суайчынньнікаў». Ён таксама прапанаваў адмовіцца ад беларускай мовы і пакінуць толькі нямецкамоўны надпіс «Тадэвуш Касцюшка. 1746–1817».

Вось гэтая спрэчка – хто Касцюшка, паляк ці беларус, скаланула інтэрнэт. Вядома, палякі даводзілі, што “Касцюшка – іх”, а беларусы, што “Касцюшка —наш”. Беларускія аргументы наступныя. Па-першае, Касцюшка нарадзіўся на Брэстчыне, на тэрыторыі сённяшняй рэспублікі Беларусь, па-другое, называў сябе ліцвінам, а не палякам. Але і палякі ў нечым мелі рацыю, Касцюшка кіраваў паўстаннем на тэрыторыі Польшчы. На тэрыторыі сённяшняй Беларусі ім кіраваў Якуб Ясінскі, наш паўстанцкі камітэт меў сваю асобную касу, праграмныя дакументы, кіраўніцтва, а палякі дакаралі Якуба Ясінскага за “ліцвінскі сепаратызм”.

Аднак спрэчкі, “наш” ці “іх”, вяліся не толькі ў віртуальнай прасторы, але і ў рэале. Мне давялося назіраць за такой у кулуарах адной з навуковых канферэнцый. Немалады паважаны і адукаваны гісторык даводзіў: “Што вы носіцеся з гэтым Касцюшкам? Калі б яго паўстанне перамагло, то ўсе б вы зараз былі палякамі. І ніякай Беларусі не існавала б”. І як аналагічны прыклад прыводзіў аднаўленне незалежнасці Польшчы пасля Першай сусветнай вайны. Начальнік дзяржавы, як афіцыйна гучала пасада Юзафа Пілсудскага, таксама быў ураджэнцам Беларусі і нават пісаў у маладосці вершы па-беларуску, з’яўляўся сябрам партыі Беларуская сацыялістычная грамада. Але гэта потым не зашкодзіла ягонаму ўраду праводзіць паланізатарскую палітыку ў Заходняй Беларусі.

Здавалася б, слушна. Але гісторык звяртаўся не да аўдыторыі студэнтаў першакурснікаў, у якіх потым будзе прымаць іспыты, а да такіх жа навукоўцаў, як і сам. Разгарэлася нефармальная дыскусія. У якой перамаглі маладзейшыя калегі. Яны давялі, што перамога паўстання прывяла б да стварэння дастаткова дэмакратычнай Рэчы Паспалітай, дзе ўсе яе насельнікі мелі б роўныя правы. Праз пакаленне паўстала б свая беларуская буржуазія. У выніку б незалежная Беларусь з’явілася б на карце свету яшчэ ў першай палове ХІХ стагоддзя.

Калі гістарычна наканаванае з’яўленне пэўнай дзяржавы, а яе народ мае патэнцыял стаць нацыяй, то гэта абавязкова адбудзецца. Як гэта і сталася з Беларуссю.