Чужы час

Адзін з маіх улюбёных расійскіх драматургаў пазамінулага стагоддзя Аляксандр Астроўскі пісаў, што ёсць дзве тэмы, якія можна беспамылкова прапанаваць для абмеркавання ў кампаніі: “Што лепш – мець і згубіць, альбо шукаць і не знайсці?” і “Кім лепей нарадзіцца: мужчынам ці жанчынай?” Тэмы, сапраўды, бяспройгрышныя для абмеркавання ва ўсе часы і для ўсіх народаў. Не верыце? Выстаўце іх як пост на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках, збярэцца някепскі ўмалот каментароў ад віртуальных сяброў.

Астроўскі прывёў толькі дзве падобныя тэмы. Насамрэч, іх значна болей. Ёсць сярод нас людзі, якія любяць казаць, што нарадзіліся не ў “свой час” і прапануюць паразважаць пра хібы сучаснасці ў параўнанні з ідэальнымі ў іх уяўленні часамі мінулага. Маўляў, іх нервовая сістэма, жыццёвыя каштоўнасці, манера паводзін прыдатныя зусім для іншай эпохі.

Часцей за ўсё мне сустракаліся тыя, хто ідэалізуе савецкія часы. Такіх людзей няшмат, але ж сярод іх ёсць не толькі старыя, а таксама і маладыя. Маўляў, пры камуністах не было багатых, кватэры давалі задарма, працавалі прафсаюзныя санаторыі і дамы адпачынку, цэны не “кусаліся”. Старых людзей яшчэ можна зразумець, ім проста згадваюцца часы, калі яны былі маладымі, а таму і хлопцы-дзеўкі тады выглядалі прыгажэйшымі, трава зелянейшай, а здароўе мацнейшым. Яны не хочуць згадваць, што дармавую кватэру трэба было чакаць ледзь не да вяселля дзяцей, прафсаюзныя пуцёўкі разыходзіліся больш па начальству, у крамах ці не біліся за больш-менш прыстойны кавалак мяса, а праца мясніка ў гастраноме з’яўлялася больш прэстыжнай, чым універсітэцкага выкладчыка. Ну, а багатых практычна не было, бо ўсе жылі бедна, за выключэннем высокага кіраўніцтва з яго асабістымі шафёрамі, дзяржаўнымі дачамі і закрытымі для астатняга насельніцтва спецразмеркавальнікамі.

Яшчэ больш мяне здзіўляюць прыхільнікі Сталіна і ўсталяванага ім “парадку”, калі за палітычны жарт, за прыхаваны ў хаце долар, або проста праз данос суседа можна было трапіць пад расстрэл ці выправіцца ў лагер на Крайнюю Поўнач. Вядома, і тады людзі жылі, але ж яшчэ не вядома, хто з нас у якую катэгорыю трапіў бы. Ды й каты часам мяняліся месцамі са сваімі ахвярамі.

Ёсць яшчэ адна катэгорыя тых, хто абагаўляе мінулае. Гэтым разам далёкае. Маўляў, нашыя продкі былі куды здаравейшымі. Паглядзіце на зубы ў іх чарапах – аніводнага хворага, сточанага, усе на месцы. Дзеці яблыкі проста з зямлі хапалі і елі, каб іх мыць, ніхто і не думаў. Жанчыны падчас жніва на полі нараджалі. Здаецца, і правільна. Вось толькі трэба памятаць, што зубы цэлымі заставаліся, бо чалавек пасля сарака гадоў ужо лічыўся старым, а сярэдняя працягласць жыцця ледзь перавышала трыццаць. Жанчыны часам на полі нараджалі, гэта так, але ж колькі іх памірала пры родах. Колькі дзяцей памірала малымі, і не толькі ў сялянскіх сем’ях, але і ў магнацкіх, бо пра гігіену ніхто асабліва не дбаў. Запаленне лёгкіх часцей з ўсё заканчвалася смерцю, бо пеніцылін вынайшлі толькі пасля Першай сусветнай вайны. Шмат пра якія хваробы людзі не здагадваліся, бо іх не ўмелі лячыць. Тагачасныя лекары практычна ведалі толькі кампрэсы, кровапусканне ды ўмелі ставіць п’яўкі. Вось і ўсё лячэнне. Нячастыя выпадкі, калі лекар рызыкаваў зрабіць аперацыю, выклікалі заражэнне крыві.

Я разумею, ідэальных часоў не бывае. І наш не выключэнне. Пры сацыялізме на ўсіх не стае тавараў, пры капіталізме – грошай. Але мне больш камфортна жыць у тым часе, у якім я нарадзіўся. З ягонай медыцынай, транспартам, спосабам камунікацый, інфармацыйнай прасторай і магчымасцю падарожжаў.