Чорны дзень календара

“Чорны дзень” беларускага календара 22 чэрвеня 1941 года. У першыя дні вайны было не да таго, каб фіксаваць геройскія ўчынкі. Здавалася, што Чырвоную армію спасціг поўны разгром. Паходнямі палалі на аэрадромах вайсковыя самалёты, што так і не паспелі ўзняцца ў паветра. Экіпажы кідалі танкі, у якіх скончылася паліва. Беларускую сталіцы немцы занялі меньш, чым за тыдзень вайсковых дзеянняў.

Ніхто тады не згадваў гераічную абарону Брэсцкай крэпасці, подзвіг Мікалая Гастэлы, насамрэч, належаў не яму, а другому экіпажу… Вайна спараджае свае міфы. Таму доўгі час лічылася мінскім гарадскім паданнем і тое, што неўзабаве пасля прыходу немцаў, у Мінск з усходу ўварваўся савецкі танк…

Упершыню пра яго адным абзацам згадала яшчэ летам 1941 года амерыканская газета ў апісанні баёў першых тыдняў вайны. Другі раз гісторыя была агучана ў 1945 годзе падчас допыту амерыканцамі палоннага нямецкага маёра, які летам 1941 года служыў у Мінску. Яго так уразіў савецкі танк, які амаль дашчэнту знішчыў ягоную роту разам з тэхнікай, што ён і праз пяць гадоў згадваў яго так, нібыта бачыў учора. Амерыканцы палічылі патрэбным перадаць інфармацыю пра подзвіг невядомых танкістаў савецкаму камандаванню, аднак, савецкі бок яна не зацікавіла. Героі вайны, сапраўдныя і ўяўныя, ужо былі прызначаныя. А пра беларускую сталіцу, здадзеную ворагу практычна без бою, стараліся не згадваць. Чырвоная армія тым часам ужо штурмавала Берлін.

Але ж подзвіг быў. Механік-вадзіцель танка Т-28 сержант Дзмітрый Малько, калі пачалася вайна, праходзіў службу ў Беларусі. Яго танкавая брыгада толькі фармавалася. Камандванне аддало загад экіпажам падарваць танкі і выходзіць пешшу да Магілёва. Механік упрасіў камандзіра дазволіць яму адрамантаваць рухавік свайго танка і абяцаў нагнаць сваіх. Дзмітрый Малько на адрамантаваным танку рушыў у бок Магілёва і трапіў пад авіяцыйны налёт. Цяпер у Т-28 аказалася пашкоджаная хадавая частка. На танк літаральна наткнуліся маёр-танкіст і група курсантаў артылерыстаў, якія таксама рухаліся ў бок Магілёва. Кароткая нарада і новы экіпаж быў сфармаваны. Машына адрамантаваная. Прынятае і рашэнне – паколькі Магілёўская шаша ужо перакрытая немцамі, рушыць на Мінск і паспрабаваць праз горад сысці на ўсход па Маскоўскай шашы.

На кінутым вайсковым складзе экіпаж папаоўніў нават з лішкам боекамплект, заліў пад завязку бакі палівам. Т-28 – гэта не проста танк, гэта “монстр”. У яго тры вежы, тры кулямёты, гармата. На поўнай хуткасці танк упэўнена ўвайшоў у Мінск з боку Магілёва. Немцы не асабліва здзівіліся яго з’яўленню, у гэтыя дні пераганялі ў тыл шмат трафейнай савецкай тэхнікі. Першае сутыкненне з ворагам адбылося каля сённяшняга завода “Крышталь”. З кулямёта былі расстраляныя тры дзясяткі салдатаў Вермахта, якія насілі спірт у грузавікі. Знішчаныя тры грузавікі і бронетранспарцёр суправаджэння. Танк пераехаў Свіслач па мосце і ў раёне гарадскога рынку сутыкнуўся з калонай матацыклістаў. Танкісты давілі матацыклы з каляскамі гусеніцамі, расстрэльвалі ворагаў з кулямётаў і з гарматы. Вось тады і загінула рота нямецкага маёра, паланёнага ў 1945 годзе амерыканцамі.

Немцам удалося спыніць савецкі танк толькі ў раёне сённяшняй плошчы Якуба Коласа, падпаліўшы яго стрэлам з 88 міліметровай гарматы. Частка экіпажа паспела пакінуць ахопленую полымем машыну, танк выбухнуў. За свой рэйд нашы танкісты здолелі знішчыць дзесяць адзінак бронетэхнікі, чатырнаццаць аўтамашын, 360 афіцэраў і салдатаў Вермахту.