Чорны чамаданчык

Гэта цяпер у кожным мабільным тэлефоне ўбудаваная фотакамера. Рабі сабе хоць сотні здымкаў на дзень. Варта чаму-небудзь важнаму або цікаваму здарыцца ў горадзе, як адразу ж падзею выкладуць у інтэрнэце, знятую і на фота, і на відэа з розных ракурсаў, рознымі камерамі. А яшчэ гадоў дваццаць-трыццаць таму фатаграфія была справай абраных. Здымалі на фотастужку, часцей за ўсё чорна-белую. Вытрымку, дыяфрагму, рэзкасць трэба было выстаўляць уручную. Потым стужку праяўлялі, паласкалі, сушылі. Каб самому друкаваць фота, трэба было мець лабараторыю з павелічальнікам, чырвоным ліхтаром, кюветамі з рэактывамі ды глянцавацелем. Так што фатаграфія была справай прафесіяналаў.

У кожнай газеце, у кожным часопісе быў свой штатны фатограф, а тое і некалькі. Звычайна, да фатографаў-журналістаў ставіліся прыязна, кожнаму было прыемна пабачыць сябе на старонках прэсы. Нават хадзілі показкі, нібыта каўказцы давалі газетным фатографам на футбольных матчах па дваццаць пяць рублёў за тое, каб у рэпартажы з’явілася і іх фота на трыбуне.

Раскажу пра фатографа, якога ведаў. Працаваў ён у сталічнай газеце “Літаратура і мастацтва”. Звалі яго Уладзімір Андрэевіч Крук, але назаву яго Фатографам – менавіта так, з вялікай літары, сапраўдны майстра. Заўсёды бачыў яго з фотакамерай на шыі і з куфрам са зменнымі аб’ектывамі. Нават на абед ён хадзіў з фотаапаратам – раптам нешта цікавае пабачыць, а шчоўкнуць затворам не паспее? Здымаў не на савецкую стужку “Свема”, а на якасны чорна-белы кінематаграфічны “Kodac” – выручалі яго сябры-аператары з кінастудыі. Здымаў Фатограф для сваёй газеты спектаклі, канцэрты, выступленні спевакоў і пісьменнікаў. Не было айчынных і заезджых знакамітасцяў, каго б ён не сфатаграфаваў. Усе старыя стужкі Фатограф дбайна захоўваў парэзанымі на кавалкі ў некалькі кадраў, разам з “кантролькамі” – маленькімі кантактнымі здымкамі ў папяровых канвертах, пазначаў на іх, каго і калі зняў, пры якіх абставінах, і складаў у чорны чамаданчык.

Звычайна ён працаваў амаль незаўважна – з адлегласці, рабіў жывыя рэпартажныя здымкі тэлеаб’ектывам. Скажам, спрачаюцца ў кулауарах класікі Янка Брыль з Піменам Панчанкам, ён іх спрэчку і захавае “для вечнасці”. Аднак, час ад часу Фатограф падыходзіў да творцаў і з вінаватай усмешкай прасіў: “А можна, я ваш партрэт зраблю?” Спачатку пазіравалі яму з ахвотай. А потым сярод пісьменнікаў старэйшага пакалення пайшла пагалоска, нібыта, чый парадны партрэт ён здыме, той неўзабаве і памрэ. І, сапраўды, усіх творцаў хавалі з партрэтамі, зробленымі Фатографам. Пасля той пагалоскі творцы ў гадах сталі ад яго на мерапрыемствах уцякаць: “Ідзі ты са сваім партрэтам. Я яшчэ пажыць хачу”.

Калі памёр мой бацька, а ён быў пісьменнікам, я, вядома ж, прыехаў да Фатографа. Той дастаў чорны чамаданчык, у якім захоўваў негатывы, упэўнена узяў канверт і падаў мне колькі кантрольных здымкаў. Параіў лепшы на яго погляд. Партрэт атрымаўся настолькі мастацкім, што нават сястра майго бацькі, а яна цвёрда трымаецца народных забабонаў, якія забараняюць забіраць назад нешта ўжо прынесенае на магілу, не дазволіла пакінуць яго на могілках пасля пахавання, а павесіла ў сваёй вясковай хаце.

Неўзабаве памёр сам Фатаграф. Казалі, што класічнага яго партрэта не знайшлося. Быццам, нехта з калег адшукаў у сваім архіве здымак, на якім Фатограф глядзіць на свет праз відэашукальнік камеры. Такі партрэт і неслі за труной.

Не ведаю, дзе цяпер той чорны чамаданчык з негатывамі? У адным з шматлікіх канвертаў ляжыць і мой парадны партрэт, на які я некалі пагадзіўся.