Чорная котка

Магчыма, у яе раней было іншае імя. Першы раз я ўбачыў яе ў самым канцы лета. Яна сядзела каля невялічкай крамы. Удзень тут гаспадарылі іншыя каты, якія чужынцаў і блізка не падпускалі, бо прадавачкі  выносілі ім раз на дзень якой ліверкі і нават паставілі на ганку місу з вадой. Чорная котачка, малая, яшчэ амаль кацянё, але ўжо грацыёзная, перастрэлася са мной позіркам. Адзінае, што можна было прачытаць у цемры ў яе зялёных вачах – голад, ён быў нават мацнейшы за страх перад незнаёмцам. Сэрца не камень, я выцягнуў з сумкі пакецік корму, набыты для сваёй хатняй коткі. Котачка, якую я адразу ў думках “ахрысціў Чарцянякай” за высокія, падобныя да рожкаў вушкі і чорны колер, прагна злізала мясныя кубікі разам з падлівай і кінулася пад суседнюю машыну.

Калі я прысеў і зазірнуў пад днішча, то толькі згледзеў, як чорны хвост знік у маторным адсеку. Адразу згадалася леташняя гісторыя майго суседа. Ён працаваў на будоўлі, раніцай паспрабаваў завесці пагрузчык. У выніку нервовы стрэс, і механізатар застаўся вінен будаўнічай фірме дзевяцьсот рублёў за рамонт тэхнікі. Уначы нейкі бадзяжны кот ушчаміўся пад капот пагрэцца на цёплым рухавіку, бедную жывёлу літаральна пасекла вентылятарам.

Давялося мне чакаць каля машыны яе гаспадара, каб сумная гісторыя не паўтарылася. Дапамог нумар тэлефона, пакладзены пад лабавое шкло. Маўляў, “калі мая машына некаму замінае, тэлефануйце…” Малады мужчына з пакункамі выйшаў з крамы, паклаў іх на задняе сядзенне, і мы разам узяліся выкалупліваць чорную котачку з-пад капота. Яна жаласна мяўкала, але не жадала выбрацца з вузкай шчыліны паміж пашыральным бачком і карбюратарам старога “Гольфа”. Нарэшце, акуратна торкаючы знізу манціроўкай, мне ўдалося выгнаць яе са схованкі. Малады мужчына адразу схапіў яе і прыціснуў да грудзей.

Нават на адлегласці было чутно, як шалёна калацілася сэрца спалоханага кацяняці. Мы пастаялі, нервова выпалілі па цыгарэце. Мужчына разам з котачкай сеў у машыну. Праз крыху апушчанае шкло я пачуў пачатак яго тэлефоннай размовы: “Дарагая, гэта я. Тут такая справа…” Падслухоўваць няветліва, і я адышоўся ўбок. Размова выдалася доўгаю. Нарэшце зніякавелы мужчына выйшаў з машыны. Нават да таго, як ён загаварыў, я  зразумеў, што менавіта сказала яму жонка, класічную фразу: “Альбо яна, альбо я”. Вядома ж, у такіх выпадках выбіраюць жонку. Хаваючы вочы, малады мужчына апусціў Чарцяняку на зямлю, паціснуў мне руку і з’ехаў.

Відаць, яна бегла за мной да самага пад’езда, хаваючыся за густымі прысадамі. Ва ўсялякім разе, раніцай я ўбачыў чорную котачку на купе жоўтага сухога лісця каля самага ганка. Яна ўтаптала там сабе сапраўднае гняздо, мерылася застацца надоўга. Цэлы месяц мы з жонкай і ўнукам выносілі ёй паесці, паставілі паілку. Сабакі ў нашых суседзяў выхаваныя, не чапалі маленькую. А бадзяжныя каты прызналі за ёй права на тэрыторыю каля нашага пад’езда, праўда далей не пускалі. Так і жыла яна там да апошніх халадоў. Але дворнікі звезлі купу лісця, пайшоў дождж. Раніцай я знайшоў Чарцяняку непадалёк, мокрая, яна сядзела на каналізацыйным люку, з-пад якога ўзнімалася пара, і грэлася.

Позна ўвечары пасля працы я вяртаўся дахаты. Каля пад’езда ўбачыў жонку. Яна стаяла, прыціскала да сябе, хавала за крысом паліто чорную котачку – нашу Чарцяняку. Было зразумела, што з рук яна яе ўжо не выпусціць, прынамсі, на вуліцы. Я нагадаў, што адна котка ў нас ужо ёсць. Але тут наляцеў вецер, сыпануў з дрэваў мокрай халоднай лістотай. “Пайшлі”, — сказаў я. Цяпер у нас жывуць дзве чорныя коткі.