Часам яны вяртаюцца

Ведаеце, як здараецца? Прыходзіць дадому жонка і прыводзіць з сабой сяброўку якую не бачыла гадоў дваццаць і цяпер выпадкова сустрэла на вуліцы. Усе ранейшыя агульныя інтарэсы страчаныя. Чалавек жыве ў нейкім паралельным свеце, уцямная размова з ёй не клеіцца, застаецца толькі сядзець за сталом і дурнавата пасміхацца. А потым з палёгкай ўздыхнуць, нарэшце, зачыніўшы за госцяй дзверы.

Вось і у мяне так здарылася. Вярнулася жонка з чарговай этнаграфічнай вандроўкі па Беларусі. Не, нікога з сабой не прывяла, але адразу папрасіла знайсці трохлітровы слоік. Мо, агуркі прывезла і замаласоліць вырашыла? Не падгадаў. Жонка прывезла з сабой кавалак Чайнага Грыба – у адной з вёсак прэзентавалі. Я ўжо думаў, што гэтая мода на Чайны да Малочны грыбы звялася ў Беларусі на нішто. Аказваецца, ёсць яшчэ аматары.

Калі хто памятае, у 70-80-я гады ледзь не ў кожнай кватэры, і ў рабочага, і ў акадэміка на падвоканні на кухні стаяў трохлітровы слоік, у якім плавала нешта кшталту малаапетытнай шматслойнай медузы – грыб, які перарабляў на кіслы напой, кшталту квасу, малако, або чайную заварку з цукрам. Лічылася, што такі напой вельмі карысны для здароў’я. Давалі яго і старым, і малым, пілі замест вады. Тады ў СССР існавала цэлая субкультура тых, хто гадаваў такія грыбы ў хатніх умовах. Людзі дзяліліся рэцэптамі, кавалкамі грыбоў на развод. Выдаваліся нават адмысловыя брашуркі, у якіх распавядалася пра надзвычайныя ўласцівасці такой грыбной культуры. Здавалася, усё гэта засталося ў далёкім мінулым разам з КПСС і генеральнымі сакратарамі, маладымі “Песнярамі” і юнай Алай Пугачовай, самаробнымі ценямі для павекаў, зробленымі з дзіцячага крэму і бронзавай пудры. Але ж, недзе ў глухой беларускай вёсцы гэты выкапень выжыў.

І вось гэты медузападобны госць з другой паловы мінулага стагоддзя пасяліўся ў ХХІ стагоддзі ў нашай кватэры. І адразу пачаў дыктаваць свае ўмовы жыцця. Нам давялося кінуць піць каву, бо Грыб харчаваўся рэшткамі чайнай запаркі і цукрам. Цяпер я амаль не піў чыстай вады, бо трэба было спажываць кіслы напой, напрацаваны Грыбам. У нашу кватэру неўзабаве сталі баяцца завітваць сябры. Бо мы ўсіх частавалі напоем, а пры развітанні прапаноўвалі ўзяць з сабой кавалак Грыба. Стала немагчымым куды з’ехаць долей, чым на пару дзён – трэба ж было даглядаць гадаванца.

Грыб пачуваўся цудоўна, яго коўзкія, слізкія слаі множыліся. Па вечарах я сядзеў на кухні з кніжкай і раз-пораз пазіраў на Грыб у трохлітровым слоіку. У промнях вечаровага сонца ён падаваўся навальнічнай хмарай. Нацюрморт на нашым падвоканні выклікаў асацыяцыі з далёкім савецкім мінулым. Побач з трохлітровікам не ставала толькі электрычнага праса, тады чамусьці ўсе прасавалі бялізну на кухні, і транзістарнага радыёпрыймача “ВЭФ” або “Акіян”, настроенага на “Голас Амерыкі” ці “Бі-бі-сі”.

Я пачынаў паціху ненавідзець Чайны Грыб, які нахабна стаў мяняць нашае жыццё. Але з другога боку разумеў, што у мяне рука не падымецца проста спусціць яго ў каналізацыю. Я ж памятаў, як ён апынуўся ў нас кволым шматочкам, як мы падсілкоўвалі яго, сачылі, каб не загінуў. Радаваліся, калі ён пачаў расці. Як з замілаваннем пілі першыя глыткі напою, які ён утварыў у слоіку. Мне пачало здавацца, што Грыб цяпер пасяліўся ў нас навечна, і добрая частка кожнага наступнага дня будзе прасякнутая клопатам пра яго існаванне. Але ўсё ў гэтым свеце мае свой пачатак і канец. Я адчыняў акно, рама чамусьці пайшла адчыняцца ў іншай плоскасці. Трохлітровік саслізнуў з падвокання і разляцеўся, ляснуўшыся на кафляную падлогу.