Чароўныя запалкi

Нядаўна пачуў, што ў Беларусі ў будучым плануюць адмяніць пасажырскія вагоны са спальнымі месцамі – купэйныя і плацкартныя. Маўляў, куды лепш запусціць на ўнутраныя лініі сучасныя хуткасныя электрычкі і дызелі з крэсламі для сядзення.

Ідэя разумная. Вось толькі, губляючы такія вагоны, мы згубім і адну традыцыю падарожжаў чыгункай. У сучасных вагонах з крэсламі вы сядзіце бокам да суседа. Кожны заняты сваёй справай. Калі падняць вочы, то давядзецца глядзець у спіну таму, хто сядзіць перад вамі. У купэйным жа, або ў плацкартным вагоне сітуацыя іншая — суседзі сядзяць тварамі адзін да аднаго. І таму ім міжволі час ад часу даводзіцца глядзець у вочы. А гэта вымушае размаўляць.

Мне прыгадалася падобная размова. Мы ехалі ў адным купэ: я і мужчына гадоў сарака. Калі селі ў вагон на вакзале, проста павіталіся. Паўпусты цягнік крануўся. Я разгарнуў кнігу з акадэмічнай серыі “Беларуская народная творчасць” том “Замовы”. Трэба было знайсці замову ад пажару, каб уставіць яе ў апавяданне. Мой сусед па купэ раз-пораз кідаў позірк на вокладку, нарэшце не вытрымаў і спытаў — ці ёсць у гэтай кнізе замовы на кепскае? Скажам, каб прамовіць рытуальныя словы, і каго-небудзь ад іх скруціць, хтосьці захварэе, ці нават памрэ. Спытаў і тут жа паспяшаўся мяне заспакоіць, што яму проста цікава, нікому нічога благога ён не жадае. Пагарталі кнігу, высветлілі, што замоў на кепскае ў ёй няма, толькі на добрае: пажар спыніць, прусакоў з хаты вывесці, ліхаманку суняць… Але ж усім вядома, што чараўнікі, ведзьмакі не толькі лечаць, а і насылаюць на іншых сурокі, робяць шкоду. Толькі фалькларыстам яны такія замовы не распавядаюць, трымаюць іх у сакрэце.

Пасля гэтага мужчына і расказаў мне гісторыю свайго жыцця. Калі было яму дваццаць пяць гадоў, пазнаёміўся ён з дзяўчынай. Неўзабаве вырашылі ажаніцца, пачалі рыхтаваць вяселле. І тут яму стала шкада свайго вольнага жыцця. Вырашыў, што рана яму жаніцца, трэба яшчэ пагуляць. А дзяўчына яго вельмі кахала. Таму і прыйшла разам са сваёй маці да яго дамоў, каб у апошні раз паспрабаваць угаварыць. Не здолелі. Вось з таго дня ў яго моцна і не заладзілася – ані з працай, ані з дзяўчатамі. Працадаўцы падманвалі, не плацілі за зробленае, нідзе па-доўгу ён не затрымліваўся. Калі дзяўчына яму падабалася, то ён не падабаўся ёй і наадварот. Мінула дзесяць гадоў, а жонкі ён сабе так і не знайшоў, хоць і меў сваю асобную немалую кватэру.

Аднойчы сябра жартам угаварыў яго паехаць разам да вясковага ведзьмака. Дзядок пасадзіў іх за стол, загадаў запальваць запалкі і кідаць іх у місу з вадой. Запалкі, кінутыя сябрам, як і мае быць, засталіся плаваць, а запаленыя маім суседам па купэ, насуперак законам фізікі, патанулі. Нават вясковы вядзьмак жахнуўся, сказаў, што таго моцна сурочылі дзве жанчыны. І, хаця, бачыў яго ўпершыню, прыкладна апісаў сітуацыю з адмененым у апошні момант вяселлем. Цалкам “адрабіць усё назад” ён не браўся, абяцаў зрабіць “што можа”. Ад грошай катэгарычна адмовіўся, бо іначай, усе сурокі перайшлі б на яго самога.

Пасля паездкі мужчыны да ведзьмака яго былая нявеста, якая выйшла замуж, неўзабаве нарадзіла мёртвае дзіця, а яе маці раптоўна памерла. Вось толькі сурокі не зніклі, а змянілі фармат. Калі мой сусед па купэ ездзіў на заробкі за мяжу, усё ў яго там было добра. І з грашыма, і з жанчынамі. Але варта было вярнуцца ў родны горад, праблемы пачыналіся зноў. Таму ён вырашыў па хуткім часе прадаць кватэру і перабрацца жыць у Польшчу.

Не ведаю, ці зрабіў ён так. Больш мы не бачыліся.

Афиша города