Чалавечы твар вайны

Сёлетні год юбілейны. Споўнілася стагоддзе з дня завяршэння Першай сусветнай вайны. Гісторыкі па рознаму трактуюць тую вайну. Адны даводзяць, што яе можна было пазбегнуць, што яна ўзнікла з-за збегу трагічных здарэнняў, другія налягаюць на тым, нібыта яна была непазбежная.

Першая сусветная вайна, з аднаго боку, стала апошняй з манархічных войнаў, калі існаваў ячшэ кодэкс шляхецкай годнасці, бо большасць афіцэраў усіх варагуючых бакоў паходзіла з дваран. А, з другога боку, падчас гэтай вайны зараджаліся і адпрацоўваліся прыёмы, што потым напоўніцу выкарыстоўваліся ў Другой сусветнай вайне. Упершыню на полі бою з’явілася авіяцыя, аэрапланы скідалі бомбы, ішлі ў атаку танкавыя злучэнні, праводзілася татальная мабілізацыя… Гэтыя войны падобныя нават колькасцю ахвяр і маштабамі разбурэнняў, але ёсць вельмі важнае адрозненне. У канцы Першай сусветнай вайны ўзнік такі феномен, як “братанне”. Салдаты, якіх сілком забіралі ў войска, кідалі зброю, выходзілі з акопаў і браталіся з такімі ж салдатамі па той бок фронту. Маўляў, гэта палітыкі зрабілі нас ворагамі, насамрэч, нам няма чаго дзяліць.

У Другую сусветную вайну братання не было і быць не магло. Устаноўка рабілася не толькі на захоп тэрыторый, а на татальнае знішчэнне цэлых народаў. Палітыкі ўлічылі свае ранейшыя памылкі, і апрацоўкай насельніцтва паспяхова заняліся прапагандысты. Чалавеку забіць чалавека цяжка і ненатарульна. Таму прапагандысты расчалавечвалі вобраз ворага, людзей па другі бок ідэалагічнай лініі сталі называць “шалёнымі сабакамі”, “людажэрамі”, “нечысцю”, “недачалавекамі”… Нажаль, спрацоўвала. Памятаю, сяброўка маёй маці расказвала, як пяцігадовай дзяўчынкай у 1941-м годзе яна ўпершыню ўбачыла немцаў, калі яны ўязджалі ў горад на матацыклах. І вельмі здзівілася, што яны выглядаюць “як людзі”, што ў іх няма ані рогаў, ані хвастоў, бо дагэтуль уяўляла сабе немцаў нечым накшталт чартоў-нячысцікаў. Па інерцыі тыя вобразы крыху спрацоўваюць нават цяпер. Я сам гэтаму здзівіўся.

Мой малы ўнук захапіўся гісторыяй дзвюх апошніх сусветных войнаў. Глядзіць фільмы, гартае кнігі, нават пачаў збіраць невялікую калекцыю артэфактаў – гільзы, кулі, спронжкі, гузікі. Ясна, што праз фотаздымкі, плакаты, хроніку часоў вайны разам з гістарычнай праўдай у розум трапляе і насенне тагачаснай прапаганды. І вось на гарадскім свяце, калі выступаў вулічны тэатр з Германіі, мой унук не смяяўся, хаця выступленне артыстаў было смешнае. “Гэта ж немцы, — з непрыяззю патлумачыў ён мне. – Як можна смяяцца з іх жартаў?”

І я зразумеў, што перагнуў з патрыятычным выхаваннем на вайсковай тэматыцы — трэба крыху адкручваць назад. Таму, калі мы з унукам пайшлі на чарговую сходку клуба калекцыянераў, дзе тыя мяняюцца, прадаюць артэфакты, то я ўжо не засяроджваў увагу на паштовых марках, плакатах, газетах часоў вайны, а адшукаў у аднога з гандляроў дзве аднолькавыя маленькія чарачкі грамаў на дваццаць кожная, зробленыя з нямецкіх абпілаваных гільзаў ад зенітных снарадаў. Купілі мы іх за чатыры рублі, бо, як гільзы, для калекцыянераў боепрыпасаў яны былі сапсаваныя. І потым з унукам, трымаючы іх у руках, мы сталі дадумваць вобраз таго нямецкага салдата, які зрабіў іх і насіў з сабой на вайне. Відаць, ён меў добрае выхаванне, бо нават на фронце не піў шнапс з рыльца, тым больш, не піў адзін, а трымаў дзве аднолькавыя чаркі, каб частаваць каго з саслужыўцаў. Адразу за артэфактам праступіў чалавечы твар. Мне стала лягчэй на душы, бо і ўнук у варожым салдаце разгледзеў вобраз чалавека.