Чаго няма ў гiпермаркеце?

Ёсць у мяне сябра, які ў канцы 1980-х гадоў пабраўся шлюбам са студэнткай-замежніцай і з’ехаў у Эквадор. У тыя гады ў нашых беларускіх крамах нават самыя хадавыя тавары прадаваліся па талонах, а вітрыны упрыгожвалі піраміды бляшанак з кількай у тамаце ды трохлітровыя слоікі са здаравузнымі марынаванымі агуркамі ды кабачкамі. І вось учарашні студэнт з перабудовачнай БССР трапіў у сталіцу Эквадора – жонка павяла яго ў гіпермаркет. Хлопец пабачыў бясконцыя паліцы, на якіх стаяла літаральна ўсё, большую частку тавараў ён бачыў упершыню і не ведаў, што гэта такое. Культурны шок аказаўся такім, што мой сябра літаральна самлеў і без цямы абрынуўся на падлогу на вачах у маладой жонкі.   

Цяпер і ў нас ёсць гіпермаркеты, дзе можна купіць практычна ўсё. І ніхто ад разнастайнасці прытомнасць не траціць. Хіба што, самлець можна ад некаторых цэннікаў. Але ж пякельная моц уздзеяння гандлёвых цэнтраў на чалавечы мозг нікуды не падзелася, проста мы прызвычаіліся да яе, як прызвычайваюцца не чуць грукат цягнікоў жыхары кварталаў абапал чыгункі.

У гандлёвых залах можна пабачыць рэкламныя плакаты, якія запэўніваюць, што “бездакорны сэрвіс — наша спецыяльнасць”. І яшчэ шмат чаго прыемнага і правільнага. Але ж словы – адно, справы — іншае. Задача кожнага бізнесу выцягнуць з пакупніка паболей грошай. Гэта ўжо потым можна заняцца і дабрачыннасцю, і мецэнацтвам, дапамагаць хворым, старым, падтрымліваць таленты. Але спачатку грошы павінны трапіць з вашых кішэняў у касавыя апараты.

У гіпермаркетах усё зроблена не для таго, каб пакупнік набыў тое, што яму трэба, а каб ён выдаткаваў як мага больш. Кожнаму трэба пра гэта памятаць. Напрыклад, па што чалавек часцей за ўсё наведваецца ў краму? Па хлеб. Вось таму хлебныя паліцы будуць размешчаныя ў самым аддаленым куце гіпермаркета. Каб дабрацца да іх, давядзецца прайсці паўз паліцы з тымі таварамі, якія вы і не збіраліся купляць. Але ж нешта лішняе вы набудзеце, спакусіўшыся на зніжку ці акцыю. Самыя дарагія тавары будуць размешчаныя на паліцах на ўзроўні вашых вачэй. Больш танныя ў самым нізе. Не кожны нахіліцца. У зале каля хлеба будзе пахнуць свежай выпечкай, каля кулінарнага аддзела курыцай-грыль. Думаеце, у наш час цяжка паставіць добрую вентыляцыю? Не, тут ідзе разлік на пакупніка, які галодным прыйшоў да крамы. Чаму ў гіпермаркетах заўсёды шмат вялікіх вазкоў і часам бракуе звычайных кошыкаў? Бо ў вазок падсвядома хочацца пакласці паболей, пакупнік не адразу адчувае, што такі цяжар ён дахаты ў руках проста не дацягне.

Таму наведвальнікам гіпермаркетаў лепш за ўсё прытрымлівацца пэўных правілаў. Ісці туды, папярэдне склаўшы спіс таго, што вы насамрэч збіраецеся набыць, так вы не зробіце спантанныя пакупкі. Вызначыце сабе суму грошай, у якую збіраецеся ўкласціся, і кантралюйце яе проста ў гандлёвай зале – на кожным мабільным тэлефоне ёсць калькулятар. Не хадзіце на закупы галоднымі. Не адразу спакушайцеся на акцыі кшталту “2 па кошце 1”. Падумайце, можа, вам гэты тавар і не трэба зусім.

За сваё жыццё я пабачыў шмат гіпермаркетаў. Але толькі адзін, што належыць бельгійскай гандлёвай сетцы, мне запомніўся, хаця прамінула больш за дваццаць гадоў, бо там ёсць тое, чаго ў беларускіх не пабачыш. Перад уваходам на касы — вялікія сталы, на якія пакупнікі, пакуль стаяць у чарзе, могуць выкласці тое, што перадумалі браць. І выкладаюць гурбамі. А ўсмешлівыя супрацоўнікі зноў развозяць пакінутае па паліцах. Я разумею, што гэта таксама “фішка”, якой завабліваюць пакупнікоў, але яна мне падабаецца.