Бяспека

Летась мне давялося сустракацца з актывістамі пошукава-ратаўнічага атрада “Анёл”. Гэта людзі, якія ў свой вольны час, як валанцёры, шукаюць зніклых людзей. Першапачаткова інтэрв’ю для мы ладзілі з мэтай сабраць сродкі на дзейнасць атрада. Аднак пошукавікі вырашылі выкарыстаць яго на тое, каб даць людзям парады, якія дапамогуць ім не згубіцца. З некаторымі, мяркую, будзе карысна пазнаёміцца і чытачам нашай газеты. Часцей за ўсё губляюцца старыя і малыя, губляюцца і ў горадзе, і ў лесе. Ну, а паколькі набліжаюцца летнія вакацыі, то варта засяродзіцца на парадах наконт дзяцей.  

Калі вы пайшлі з дзіцёнкам на масавае мерапрыемства, ці выбраліся ў іншы горад, то варта папярэдне зрабіць здымак. Потым, калі вы раптам згубіце адзін аднаго, будзе значна прасцей шукаць дзіцёнка, маючы яго фота менавіта ў тым адзенні, якое на ім зараз. Прывучайце дзяцей перад выхадам на вуліцу максімальна зараджаць мабільнік і не марнаваць там зарад батарэі на гульні. Прывучайце дзяцей тэлефанаваць вам, калі яны самастойна некуды дабіраюцца: “Я прыйшоў, прыйшла… Я выязджаю”. Зразумела, дзецям можа падасца, што іх залішне кантралююць. Таму давайце ім прыклад. Калі яны будуць бачыць, што і мама з татам сазвоньваюцца: “Я выйшаў з працы, буду праз паўгадзіны… Затрымліваюся, не хвалюйся”, — то і самі стануць так рабіць.

Мы самі прывучаем дзяцей слухацца дарослых – міліцыянера, ахоўніка ў краме, настаўніцу, вахцёра. Але заўсёды трэба акрэсліваць межы такога паслушэнства. Растлумачце, што адэкватныя дарослыя ніколі не папросяць дзяцей дапамагчы ім, нешта для іх зрабіць, некуды пайсці разам. У крайнім выпадку, калі нямоглая бабулька папросіць паднесці сумку, то няхай данясуць яе да дзвярэй пад’езда і не далей. Тут ёй ужо дапамогуць або сваякі, або суседзі. На ўсе ўгаворы і просьбы трэба вывучыць чароўную фразу-адказ: “Мне бацькі не дазваляюць”.

Калі дзіцёнак тэлефануе вам і гаворыць, што ваш сябра прапанаваў падвезці яго на машыне, то не палянуйцеся ці папрасіць перадаць таму трубку, або адразу ж патэлефануйце сябру, каб упэўніцца, што гэта менавіта ён зараз побач з вашым сынам ці дачкой. Дарэчы, псіхолагі правялі эксперымент – у выніку высветлілася, што з пяцідзесяці дзяцей толькі адзін катэгарычна не паддаецца на сумнеўныя прапановы незнаёмага дарослага чалавека.

Заўсёды, калі дзеці просяць па тэлефоне сустрэць іх, ідзіце і сустракайце, а не пачынайце падрабязна распытваць і дакараць у несамастойнасці, маўляў, “ты ўжо дарослы”. Магчыма, дзіцёнку падалося, што за ім увязаўся маньяк ці хуліган, і ён проста баіцца яго, не можа сказаць пра гэта ўголас.

Не забараняйце дзецям заводзіць уласныя старонкі ў сацыяльных сетках. Бо яны ўсё адно іх завядуць пад нікамі з чужых кампутараў, тэлефонаў, вось толькі тады вы ўжо не здолееце кантраляваць іх паводзіны і кантакты ў е-нэце. Раскажыце дзецям, што ніхто не можа ад іх патрабаваць, скажам, прыйсці пасля змяркання на могілкі, або нешта зрабіць з сабой ці іншымі. Пакажыце, як трэба выдаляць з сяброў тых, хто дасылае “кепскія карцінкі”, або ўжывае нецэнзурныя словы.

І яшчэ абавязкова навучыце дзяцей, як трэба паводзіць сябе, калі яны заблукалі ў лесе. Калі не ведаюць, куды ісці, трэба заставацца на адным месцы, пажадана адкрытым зверху. Выпраўляцца ў лес варта толькі з зараджаным мабільнікам і пажадана з вадой, лепш за ўсё ў кампаніі. Нехта адзін можа ўмець арыентавацца на мясцовасці. Прывучыце дзяцей да думкі, што іх абавязкова стануць шукаць. Ну, і апранацца трэба не ў камуфляж, а ў што-небудзь яркае.