Бульбяная нацыя

Народная прыкмета гаворыць, што да Вялікадня зямлю чапаць нельга – нельга нічога садзіць, сеяць. Сёлета Вялікдзень, што каталіцкі, што праваслаўны, выдаліся раннімі. Ды і надвор’е ўсталявалася цёплае. Так што беларусы ўжо масава пачалі садзіць бульбу.

Для нас бульба амаль сакральная культура. Нездарма ж беларусаў, калі хочуць з нас пакпіць, нярэдка называюць “бульбашамі”. Да таго ж цікава, што гэтую мянушку ўжываюць толькі нашы суседзі з усходу. Ані ва ўкраінскай, ані ў польскай, ані ў латышскай і літоўскай мовах падобных адпаведнікаў няма. Чаму ж так здарылася?

Бульбу ў Еўропу завезлі іспанскія і партугальскія мараплаўнікі з Амерыкі ў XVI стагоддзі. Вось і пайшло яе распаўсюджванне з захаду на ўсход. У XVII стагоддзі трапіла яна і да нас. Спачатку, як дэкаратыўная расліна. Яе высаджвалі на клумбах у парках пры палацах. А потым з’явілася яна і на сялянскіх палетках. Бульба вырашыла харчовую праблему ў Еўропе. Так, немцы за стагоддзе здолелі павялічыць сваё насельніцтва ўдвая. Падобны прарыў задоўга да гэтага зрабілі кітайцы, калі навучыліся вырошчваць рыс. Таму яны на сёння і самыя шматлікія ў свеце.

Беларусы даволі кансерватыўная нацыя, таму бульба не адразу прыжылася ў сялянскіх гаспадарках. Захавалася паданне, як адзін прагрэсіўны пан вырашыў навучыць навакольных сялян вырошчваць бульбу. Сабраў мясцовых гаспадароў у сваім маёнтку, прачытаў невялічкую лекцыю пра карысць новай культуры і задарма раздаў насенную бульбу. А каштавала яна тады шалёныя грошы, бо падавалі яе на стол толькі ў вельмі багатых дамах. Пан прасачыў, каб сяляне пасадзілі клубні ў зямлю. Прайшоў месяц. На градах узышло толькі некалькі каліўцаў. Здавалася, што сельскагаспадарчы эксперымент праваліўся. І тады пан-дабрадзей правёў уласнае расследаванне. Высветлілася, што сяляне ноччу павыбіралі пасаджаную днём раней бульбу, занеслі да карчмара і прадалі яе. Проста па цемры не ўсе клубні знайшлі, вось і вырасла колькі каліўцаў бульбоўніку.

На наступны год пан паўтарыў эксперымент, толькі цяпер раздаваў не цэлыя клубні, а парэзаныя на “вочкі”. Такія ўжо карчмару не прадасі. Ураджай атрымаўся добры, і потым сяляне ўжо ахвотна садзілі бульбу без прымусу. Так што на момант уваходжання нашых земляў у склад Расійскай імперыі ў канцы XVIII стагоддзя беларусы масава спажывалі бульбу, за што і атрымалі ад рускіх кплівую мянушку “бульбашы”. А вось самі рускія бульбу не елі, супраць “д’ябльскіх клубняў” там выступала царква. Нарэшце расійскія ўлады, а сярод высокапастаўленых урадоўцаў было шмат немцаў, зразумелі, што без бульбы харчовыую праблему ў імперыі не вырашыць, і паспрабавалі сілком прымусіць сялян садзіць бульбу. Спачатку з гэтага нічога не атрымалася – пачаліся бульбяныя бунты. І тады нехта прыдумаў хітры план. У расійскіх губерніях на дзяржаўных землях пачалі садзіць бульбу. Калі яна выспявала, вакол палеткаў паставілі ўзброеных салдатаў. Нібыта ахоўваць ураджай. Правакацыя спрацавала. Сяляне вырашылі: калі ўлады паставілі ўзброеную ахову, то на полі расце нешта вельмі каштоўнае і карыснае, і не грэх яго ўначы скрасці для сваёй гаспадаркі. Камандзіры папярэдзілі салдатаў, каб не стралялі ў крадуноў, а рабілі выгляд, быццам не заўважаюць іх. Вось так у Расіі нарэшце пачалі ў другой палове ХІХ стагоддзя спажываць бульбу самі рускія.

Сталі спажываць, а вось на крыўдную мянушку для нас не забыліся. Другія ж нашыя суседзі – палякі, украінцы, латышы з літоўцамі проста пачалі садзіць і есці бульбу ў адзін час з намі. Вось таму і няма ў іх мовах слова “бульбаш”.