Брэсцкая крэпасць

22 чэрвеня 1941 года пачалася вайна паміж Германіяй і Савецкім Саюзам. Яна была самым працяглым і крывавым эпізодам усёй Другой сусветнай.

Брэсцкая крэпасць стала яе сімвалам. Пра абарону крэпасці мы ведаем у асноўным з успамінаў саміх яе ўдзельнікаў. Савецкіх дакументаў практычна не захавалася. А вось нямецкія ёсць у архівах. Яны былі захоплены савецкімі войскамі ў 1942 годзе. З іх савецкае камандаванне са здзіўленнем даведалася, пра тое, як на пачатку вайны змагаліся абаронцы практычна кінутай на волю лёсу крэпасці над Бугам.

За ўвесь час Другой сусветнай вайны Брэсцкую крэпасць немцы штурмавалі двойчы. Першы раз у верасні 1939-га года, калі яе бараніў польскі гарнізон, які ў асноўным складаўся з ураджэнцаў Заходняй Беларусі. Абарона працягвалася з 14 па 26 верасня. Крэпасць так і не капітулявала, абаронцам удалося вырвацца з яе.

Нямецкія вайскоўцы атрымалі досвед таго, што ў старой крэпасці гарнізон можа трымацца пад артабстрэламі, бамбёжкамі, хаваючыся ў падземных сховішчах, і актыўна супраціўляцца. Аднак яны не правялі абследаванне ўмацаванняў, не прамералі таўшчыню перакрыццяў, хаця ў іх быў час на гэта да перадачы крэпасці савецкаму боку. Таму ў чэрвені 1941-га года немцы пры штурме сутыкнуліся практычна з тым, што адбывалася ў 1939-м.

Штурм крэпасці даверылі землякам Адольфа Гітлера – аўстрыйцам. Дывізія 45 І. D. ужо мела досвед пераправы праз раку на гумовых лодках у Францыі. Дадаткова правялі вучэнні на падобных да брэсцкіх умацаваннях у Варшаве. На заходнім беразе Буга была пастаўленая назіральная вежа вышынёй 29 метраў, з якой нямецкія афіцэры вывучалі жыццё ў крэпасці. 21 чэрвеня ўсё сведчыла пра тое, што ніхто там не рыхтуецца да абароны. Чырвонаармейцы маршыравалі пад духавы аркестр, а большасць тэхнікі стаяла на пляцы ў разабраным выглядзе. На заўтра быў прызначаны яе агляд.

Нямецкая артпадрыхтоўка пачалася 22 чэрвеня а 3.15, праз 25 хвілін – авіяналёт. А 4.15  перадавыя часткі Вермахта фарсіравалі Буг, але ўварвацца ў цытадэль не здолелі. Так пачалася абарона крэпасці, якая потым стане легендарнай. Нават артылерыйскія абстрэлы з пачварных гармат калібрам 60 сантыметраў і залпы рэактыўных снарадаў не давалі эфекту, на які разлічвалі немцы. Абаронцы сыходзілі пад зямлю – у казематы, а потым зноў адбівалі атакі.

Супраціўленне разрозненых абаронцаў доўжылася да канца жніўня. Долей за ўсіх трымаўся гарнізон Усходняга форта пад камандаваннем маёра Гаўрылава. Каб знішчыць, або прымусіць праціўніка здацца, немцы задзейнічалі слезацечны газ і агнямёты, ад якіх нават плавілася цэгла. Побач з савецкімі камандзірамі былі іх жонкі і дзеці. Відаць, гэта і дадавала нянавісці да ворага.

Савецкае камандаванне ніколі не планавала абароны крэпасці, так што яна – у пэўным сэнсе імправізацыя камандзіраў, якія са сваімі падначаленымі аказаліся ў аточанай ворагам цытадэлі. З ваеннага пункту гледжання немцам, каб пазбегнуць вялікіх страт, варта было проста абысці крэпасць, а не штурмаваць яе. Раней ці пазней яе абаронцы або здаліся б, або зрабілі б спробу прарвацца. Аднак, ужо тады узяцце Брэсцкай крэпасці набыло для Германіі прапагандысцкае значэнне. Сюды яшчэ 21 чэрвеня прыехалі журналісты вядучых нямецкіх выданняў, кінадакументалісты. У канцы жніўня крэпасць наведаў Гітлер са сваім сябрам і саюзнікам Мусаліні, дзе ім прадэманстравалі захопленую савецкую зброю.

Самая позняя дата, якую пакінулі абаронцы на сценах крэпасці: “Я умираю, но не сдаюсь! Прощай Родина. 20.VII.41».