Беларусы i лiтвiны

На мінулым тыдні ездзіў я на пару дзён ва Украіну ў Чарнігаў, бо там у мяне жыве хрэсніца, у якой бацька беларус, а маці ўкраінка. Стаім на аўтобусным прыпынку, размаўляем з кумам-беларусам і з яго дачкой па-беларуску. І тут да нас падыходзіць відавочна вясковая мясцовая бабулька, прыслухоўваецца, а потым ветліва пытае на чысцюткай беларускай мове: “А вы, відаць, з літвінаў будзеце?” У мяне адразу мову адымае, бо пытанне, ці варта сённяшнім беларусам называцца сваім старадаўнім імем “літвіны”, актыўна абмяркоўваюць сёння толькі прасунутыя беларускія інтэлектуалы – гісторыкі, пісьменнікі ды філосафы. Якія літвіны, калі існуюць дзяржава Рэспубліка Беларусь і пашпарты з беларускім грамадзянствам? А чарнігаўскую бабульку да нашай інтэлектуальнай эліты цяжка залічыць, відно, што ўсё жыццё на зямлі працавала. Нарэшце, мой кум-беларус, які стала жыве ў Чарнігаве, аджывае ад культурнага шоку і кажа бабульцы, што можна і так лічыць, бо, сапраўды, існавала Вялікае Княства Літоўскае, у якім беларусы з’яўляліся тытульнай нацыяй. Таму і называлі яны сябе літвінамі, сваю мову літвінскай, і мы — іх нашчадкі, маем поўнае права так называцца.

Бабулька глядзіць на нас абсалютна няўцямна. Ёй такія развагі малазразумелыя, як першакласніку інтэгралы з дыферэнцыяламі ды іншае з вышэйшай матэматыкі. І мы адразу зніжаем градус гаворкі, пераводзім яе ў чыста побытавае рэчышча. Пытаемся, адкуль прыехала ў горад, чаму да нас падышла… Высвятляецца, што бабуля нарадзілася і жыве паблізу Чарнігава ў вёсцы з назвай Літвіны і, што там, як мы, то бок, па-беларуску, усе паміж сабой размаўляюць. А што гэта беларуская мова, бабулька і не падазрае. Вось і падалося ёй, што мы яе аднавяскоўцы. Пад’ехалі аўтобусы, і мы падаліся ў розныя бакі. Мы – на рынак па закупы, бабуля на аўтавакзал, каб вярнуцца ў свае Літвіны. Аднак тэма засталася адчыненаю і завалодала нашай свядомасцю.

Сітуацыя была збольшага зразумелая. Некалі, нашых землякоў, выхадцаў з Вялікага Княства Літоўскага, перасялілі і асадзілі асобнай вёскай на Сівершчыне. Так традыцыйна называецца ва ўкраінцаў Чарнігаўская зямля. Розныя маглі быць прычыны. Магнат набыў сабе новыя землі і перасяліў на іх уласных сялян з сённяшняй Беларусі. Або цэнтральная ўлада – кароль, спрацаваў на патрэбы вайскова-прамысловага комплексу і перасяліў на Сівершчыну беларускіх спецыялістаў па вырабу пораху, або салетры. Хаця, тады б вёску назвалі б, хутчэй за ўсё, Сялітранікамі ці Будай, як называлі населеныя пункты, дзе здабывалі паташ. У любым выпадку людзі захавалі, калі не памяць пра сваю Радзіму, то не забыліся сваю мову, на якой працягвалі стасавацца паміж сабой і пазнавалі, дзякуючы ёй, сваіх сярод чужых, калі выязджалі ў свет.

Мова наша раней і, сапраўды, называлася літвінскай, бо першым назву “беларусы” у дачыненні да ўсіх насельнікаў нашых земляў ужыў паэт Францішак Багушэвіч, калі назва Літва была забароненая царскай уладай. Ён жа і напісаў кранальныя радкі, якія сёння выкладаюць у школах: “Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”.

Тыя, хто сцвярджае, нібыта, беларуская мова ўзнікла толькі ў 1920-я гады, мякка кажучы, памыляюцца. Дакументы сведчаць, што яшчэ ў XVI стагоддзі ў Маскоўскім пасольскім прыказе (аналаг сённяшняга Міністэрства замежных спраў) існавала пасада перакладчыка з літвінскай мовы на маскоўскую, таксама, як у Канцылярыі ВКЛ працавалі перакладчыкі на маскоўскую. На іх і вялася дыпламатычная перапіска паміж дзяржавамі. Вось так кароткая размова ў Чарнігаве нечакана ажывіла ў памяці прамінулыя стагоддзі.