Беларусы і коцікі

Усё чалавецтва можна дзяліць на розныя катэгорыі. На мужчын і жанчын. На дарослых і дзяцей. На веруючых і атэістаў. Адзін мой знаёмы патолагаанатам дзеліць людзей на тых, хто можа спакойна глядзець на тое, як даследуюць нябожчыка, і на тых, хто млее ад такога відовішча. А яшчэ людзей можна дзяліць на “сабачнікаў” і “кашатнікаў”.

Сам я адназначна – “кашатнік”. Сабакаў не было і ў маіх бацькоў. Трымалі толькі катоў. Дагэтуль памятаю іх мянушкі. Ды і цяпер у маёй хаце жывуць дзве коткі. Калі з жонкай бралі другую, то сыходзілі з таго, каб ім было не сумна разам. Не скажу, што коткі пасябравалі, але нам дакладна не сумна, калі яны час ад часу пачынаюць высвятляць паміж сабой іерархію – хто ў хаце галоўная. Гаспадароў яны ў разлік нават не бяруць. У аднога з кашэчых псіхолагаў – ёсць і такія, я чытаў, што каты лічаць, нібыта людзі жывуць у іх, а не яны ў людзей. З сабакамі па-іншаму, яны вызнаюць свайго гаспадара правадыром зграі. Таму і такія адданыя. Яны проста выпраменьваюць любоў і адданасць, часам нават залішне. Кідаюцца лапамі на грудзі, ліжуць твар. А вось каты – зацятыя індывідуалісты. Яны, вядома, выходзяць сустракаць гаспадара, калі той вяртаецца з працы. Толькі не трэба самападману, кот проста ведае, што вярнуўся “загадчык лядоўні”, у якой знойдзецца нешта смачнае.

У аднаго майго знаёмага ў кватэры жылі і кот, і сабака. Пёс вялікі і моцны. Так вось, кот навучыў яго адчыняць лядоўню, самому сілаў не ставала. Сабака, як ахоўнік гаспадарскага майна, не мог сабе дазволіць нешта адтуль скрасці, а вось кацяра – лёгка. І ўжо скрадзенае катом яны потым удваіх спакойна жэрлі. Вось такі падзел працы. Мой знаёмы раскрыў іх хітрыкі толькі з дапамогай відэакамеры, якую паставіў на кухні перш, чым сысці на працу.

Беларусы, на маю думку, больш “кашатнікі”, чым “сабачнікі”. Варта згадаць наш фальклор. Столькі шчымлівых радкоў пра коцікаў: “… шоў каток праз масток, лапачкі папёк”, “ сталі коцю па лапках біці – як я буду хадзіці?”, “Каток залаты лабок”… А пра сабакаў усё больш зняважліва: “злосны, як сабака”, “у сабакі вочы пазычыў”, “сабака шалёны”.

Але не ў кожнага ката, нажаль, ёсць свой дом. І добра, што апошнія гады нашыя суайчыннікі больш спагадліва ставяцца да гэтых вымушаных бадзяг. Да ідэалу далёка, аднак зрухі ёсць. Прынамсі, у маім квартале. Яшчэ на маёй памяці было, што камунальнікі адкрыта адлоўлівалі бяздомных катоў і звозілі з гарадскіх двароў. Даводзілася ці не біцца з імі. Неабыякавыя людзі куплялі ашыйнікі і надзявалі іх нічыйным коцікам. А іх яшчэ паспрабуй злаві. Напалоханыя, яны проста ў рукі не дадуцца. ЖЭСаўцы заварвалі металічнымі лістамі вентыляцыйныя адтуліны ў сутарэннях разам з катамі, якія там жылі.

Цяпер такая “вайна” спынілася. Калі хто з жыхароў паспрабуе выклікаць адлоў бадзяжных жывёл, то з ім пагавораць па-суседску. Таму ніхто і не рызыкуе псаваць адносіны і сваю рэпутацыю. Людзі апошнім часам па дварах сталі больш разумець адзін аднога, стараюцца агульныя праблемы вырашаць разам. Адна бабуля ў нашым пад’ездзе не толькі падкормлівае коцікаў, гэта робіць шмат хто, але па вечарах запускае іх у сутарэнні, каб не змерзлі, і суседзі не супраць. Большасць бяздомных катоў “размеркаваная” паміж пенсіянерамі і іх унукамі. Ну, а супрацоўнікі невялікай майстэрні па вырабе надмагільных помнікаў на сваім падворку змайстравалі з выкінутай жыхарамі квартала мэблі пяць умяшчальных хатак для катоў, укрылі іх ад дажджу і снегу. Уваходы зрабілі такімі, каб туды не маглі ўбіцца сабакі.

Вось так і сустракаем зіму.