Беларускія арганы

У 1960-70-я гады дзяцей у храмы не пускалі, хаця афіцыйнай забароны ў БССР і не існавала, паводле канстытуцыі рэлігія лічылася прыватнай справай чалавека. Сам памятаю, як бабуля прывяла мяне малога з сёстрамі да касцёлу. Не на тое, каб мы маліліся, не на тое, каб далучыць да хрысціянства. Сама яна, дарэчы, была перакананай атэісткай і дастаткова адукаванай жанчынай, яшчэ да вайны працавала завучам у школе, выкладала гісторыю. Бабуля хацела, каб яе ўнукі проста паглядзелі на ўрачыстае набажэнства, пачулі гукі аргану, спевы.

І хоць было мне тады гадоў сем-восем, дагэтуль памятаю змененае ад сполаху аблічча касцельнага старасты ці проста парафіяльнага актывіста. Ён падляцеў да нас і ўзяўся шаптаць бабулі, каб неадкладна зводзіла дзяцей. Бо іначай у пробашча праз нас будуць вялікія непрыемнасці.

Таму ўпершыню я пачуў арган “у жывую”, калі мне ўжо споўнілася гадоў дзесяць – у Мінскай філармоніі, куды мяне прывяла маці. Там стаяў ды і цяпер стаіць адзін з лепшых інструментаў у Беларусі. А тады ён яшчэ з’яўляўся і другім па велічыні ў Савецкім Саюзе, яго зрабілі і пабудавалі ў нашай сталіцы чэшскія спецыялісты. Арганы менавіта будуюць, яны не толькі музычны інструмент, але і архітэктурнае збудаванне.

Гэта было нешта неверагоднае, адное з самых моцных уражанняў жыцця. Гукі труб існавалі не толькі вакол мяне, усе цела вібравала музыкай. І гэта – адчуванні хлопчыка ў другой палове ХХ стагоддзя, калі дзіцёнка мала чым можна было здзівіць. Іншых забаў ставала, амаль тое, што і сёння, за выключэннем кампутарных гульняў. А ўявіце сабе, якое ўражанне гукі аргана выклікалі ў нашых продкаў у мінулыя стагоддзі, калі не было ані кінематографа, ані гуказапісу.

Першыя згадкі пра існаванне арганаў у Беларусі з’яўляюцца ў XVI стагоддзі, яны звязаныя з каралеўскім замкам у Гродна. З пачатку XVIІ стагоддзя арганы з’яўляюцца і ў іншых гарадах: Нясвіжы, Ружанах, Пінску, Паставах, у Магілёве і ў Мінску. Паколькі арганы пераважна выкарыстоўваліся ў каталіцкай літургіі, то Беларусь стала своеасаблівым усходнім фарпостам гэтай музычнай культуры. Выканаўцаў арганнай музыкі вучылі пры касцёлах, кляштарах. Тут глядзелі толькі на талент, а не на сацыяльнае паходжанне. Арганістаў рыхтавалі і з адораных сялянскіх дзяцей. Навучанне было бясплатнае, праўда, навучэнцы мусілі за гэта граць у капэлах на рэлігійных цырымоніях. Што ж, някепская практыка, цяперашнія студэнты музычных акадэміі, вучэльняў таксама выступаюць на канцэртах і на ўрачыстых мерапрыемствах.

Арганы гучалі не толькі ў касцёлах, таксама яны выкарыстоўваліся і ў пратэстанцкіх храмах, ва ўніяцкіх цэрквах. Прычым, музычны рэпертуар у апошніх быў цалкам адрозны ад каталіцкага, бо ўніяцкае богаслужэнне вялося па грэцкім абрадзе. То і музыка гучала грэцкай — візантыйскай традыцыі. Мы сёння можам сабе толькі ўявіць тое, як на плошчы нашых гарадоў праз адчыненыя дзверы храмаў адначасова неслася музыка заходняй і ўсходняй традыцыі. Гэта ўнікальная для еўрапейскай культуры з’ява.

Арганная культура ў Пінску не перапынялася ад самага моманту яе ўзнікнення ў горадзе ў XVIІ стагоддзі. Ва ўсёй Беларусі спецыялісты налічваюць больш за 120 арганаў і толькі тры дзясяткі з іх дзейсныя. У нашым горадзе два арганы і абодва ў працоўным стане. Адзін у канцэртнай зале былога касцёла Карла Барамея, другі ў Францысканскім касцёле — дарэчы, ён самы стары з дзейных беларускіх арганаў і другі па велічыні, пабудаваны ў 1830-х гадах. Ён уваходзіць у лік самых старых і каштоўных арганаў Еўропы.

Афиша города