Беларускi снег

Нарэшце, у сярэдзіне зімы дачакаліся мы свайго беларускага снегу. Цяпер, можна і на санках дзецям пакатацца, і дарослым на лыжах. Але цяпер лыжы не папулярныя, прыдатны для катання снег ляжыць у лепшым выпадку цягам месяца. Зрэдку, калі ўбачыш у парку лыжню, ужо не кажучы пра самога лыжніка. Сапраўдныя аматары, калі катаюцца, то за горадам, выязджаючы туды на машынах.

Ніхто з дзяцей ужо не будуе снежных крэпасцей. А раней, гадоў з трыццаць таму – гэта было абавязковым. Іх не проста будавалі, а пашыралі, умацоўвалі, паліваючы вадой. Цяпер дзеці ў лепшым выпадку проста гойсаюць з горак, хто на санках, хто на надзіманых цюбінгах, а хто і проста ў кардонных скрынках, што падабралі пад бліжэйшай крамай. Сацыяльныя сеткі запоўніліся снежнымі краявідамі: асветленыя ліхтарамі старадаўнія вулкі з каляровымі гірляндамі; сучасныя раёны, знятыя з вышыні апошніх паверхаў; сляды машын, на якіх гаспадары раз’ехаліся на працу; засыпаныя снегам ровары на паркоўках; немудрагелістыя снегавікі; зімовы лес; зімовае поле…  Мы так доўга чакалі той снег, што нават не раздражняемся на слаба расчышчаныя вуліцы і сходы, на не пасыпаныя жвірам тратуары. Мы моцна любім яго пасля доўгага расстання.

Ёсць распаўсюджанае меркаванне, нібыта ў эскімосаў вельмі шмат слоў для азначэння снегу. Быццам бы яны бачаць яго штодня, а таму і напрыдумлялі безліч слоў: пульхны снег, зляжалы, снег, які сыпле з неба, снег на світанку, на змярканні… Ну, а ў беларусаў і іншых еўрапейскіх народаў, нібыта, для азначэння снегу набярэцца добра, калі дзясятак слоў. Пачуў гэты тэзіс упершыню яшчэ ў школе ад настаўніцы. І, як большасць пачутага ў такім узросце, узяў на веру. Але прайшлі дзясяткі гадоў, зноў прачытаў гэтую думку, і неяк мне стала крыўдна. Няўжо ж у нас мова бяднейшая за эскімосаў? Стаў шукаць навуковыя даследаванні на гэтую тэму. Першае, што высветліў – эскімоскай мовы, як такой, не існуе. Эскімосы не народ, а сукупнасць шматлікіх народаў, якія гавораць на розных мовах. Гэта тое ж, як сказаць “еўрапейская мова” ці “народ еўрапейцаў”. І азначэнняў для снегу ў іх не так ужо і шмат: ад дзясятка ў адных мовах, і да сотні ў другіх.

Сто слоў для снегу таксама шмат! Але ж і тут не ўсё так проста. Эскімоскія мовы, дзе азначэнняў сотня, маюць своеасаблівае словаўтварэнне. У іх да кораню, які азначае “снег”, проста прыляпляюцца як прыстаўкі і канчаткі іншыя словы – азначэнні. Скажам, “сіні снег” будзе пісацца-вымаўляцца адным словам, як і “снег, каторы ідзе”, “снег, які ляжыць”. Да таго ж, і “лёд” таксама перадаецца праз корань, вытворны ад снегу. Вось адсюль і ўзялася знакамітая “сотня”. Так што беларусы не адсталі ад эскімосаў. У каго ёсць снег, той умее яго апісваць. Спецыяльна, не зазіраючы ў слоўнікі, згадваю беларускія словы для азначэння снегу, як замерзлай вады: снег, сняжынка, слата, лёд, крыга, шэрань, шарон, мяцеліца, завіруха, завея, снежань, снегавік… Вось ужо і дванаццаць пазіцый, а шэраг можна доўжыць. У нас снежных слоў не менш за добрую палову эскімоскіх народаў.

Калі з гэтым аспектам настала яснасць, то ўзнік другі, на які ў мяне дагэтуль няма адказу. У нашых народных песнях, казках практычна няма згадак пра снег – ён “забароненая” тэма. Калі і згадваецца ў народнай творчасці, то толькі ў прадказаннях надвор’я. Тое ж і ў жывапісе. Упершыню снег на палотнах нашых мастакоў з’явіўся пасля вайны 1812 года. Ён – фон для карцін пра адступленне войскаў Напалеона Банапарта. Спадзяюся, і тут з часам знойдзецца празрысты адказ.