Беларускі Робін Гуд

У беларускім календары ёсць такое прафесійнае свята — Дзень беларускай міліцыі, якое адзначаюць 4 сакавіка. І вось стаў я перабіраць свае ранейшыя дыктафонныя запісы. Амаль адразу згадалася гутарка з былым афіцэрам міліцыі, крымінальным следчым, а цяпер краязнаўцам з Барысава Андрэем Цісецкім, у якім ён расказаў мне пра беларускага Робіна Гуда — Івана Шагойку са Смалявіцкага раёна.

Перад вайной Шагойка скончыў мастацкую вучэльню. Меў добрыя мастацкія здольнасці, а ў гады вайны ў яго выявіўся талент фальшываманетчыка. Ён мог падрабіць амаль любы нямецкі дакумент – аусвайс, накладныя, савецкія чырвонцы, якія знаходзіліся ў афіцыйным абароце на акупаванай тэрыторыі. Напрыканцы 1942 года, калі ён ужо быў у партызанах у брыгадзе “Смерць фашызму”, якая дзейнічала на мяжы Барысаўскага і Лагойскага раёна, у партызанскую засаду трапіў невялікі карны атрад немцаў. У забітага афіцэра знайшлі некалькі нескарыстаных бланкаў накладных на атрыманне харчоў з вайсковых складоў.

У тыя дні ў брыгадзе панаваў голад, бо немцы вывозілі ўсе запасы харчавання з памежных з партызанскай зонай вёсак у гарнізоны, туды ж пераганялі кароў, свінняў, авечак. Голад падштурхнуў Шагойку на авантуру. Начальнік партызанскай выведкі і яшчэ некалькі хлопцаў, якія валодалі нямецкай мовай, пераапрануліся ў форму Вермахту. Іван Шагойка падрабіў накладныя з пячаткамі, бо ў забітага знайшлі і копіі скарыстаных дакументаў. Ён сам у складзе групы, нібыта вайскоўцаў нямецкага карнага батальёна, выехаў у Смалявічы, дзе быў размешчаны і ахоўваў склады італьянскі гарнізон. Зразумела, што сапраўдны немец адразу б адчуў акцэнт беларускіх партызанаў, а вось італьянцы самі слаба ведалі нямецкую.

Начальнік выведкі брыгады “Смерць фашызму” ледзь не да сценкі ставіў упартага італьянца, які загадваў транзітным харчовым складам, хапаўся пры ім за тэлефон і пагражаў, што патэлефануе гаўляйтару Вільгельму Кубэ. Пагрозы загналі італьянскага афіцэра ў ступар, і ён выдаў харчы на месяц з разліку на цэлы батальён. Партызаны спакойна вярнуліся ў сваю зону са здабычай. Немцы, даведаўшыся, што іх падманулі, аб’явілі вялікую ўзнагароду за галовы адчайных партызанаў.

Шагойка ваяваў да самага вызвалення на пасадзе камандзіра ўзвода брыгаднай выведкі. Пасля яго накіравалі на працу ў райаддзел міліцыі ў Смалявічы. І тут з былым партызанам здарылася метамарфоза. Шагойка перайшоў на нелегальнае становішча, перастаў прызнаваць савецкую ўладу. Хавацца яму дапамагалі былыя паплечнікі па партызанцы, нават камандзір суседняй брыгады “Разгром”. Ён падрабляў савецкія грошы – раздаваў іх шматдзетным удовам, самотным старым, маляваў для іх патрэбныя даведкі і дакументы. Калі ж яго прасілі намаляваць грошы людзі дастаткова забяспечаныя, нават сябры і сваякі, ён катэгарычна ім адмаўляў.

Івана Шагойку арыштавалі толькі ў 1952 годзе пасля таго, як ягонай справай заняліся чэкісты. Яму прапанавалі два варыянты, або працаваць на казарменным становішчы на фабрыцы “Дзяржзнак”, або пайсці этапам у Магадан. Шагойка, сказаў, што на дзяржаву працаваць не будзе, і выбраў Магадан. Але і там не прапаў. На волю выйшаў як “франтавік” па першай амністыі ў 1956 годзе. Потым спакойна жыў на радзіме. Партызаны яго шанавалі, ён быў нязменным удзельнікам іх святочных сустрэч. У 1986 годзе яму яшчэ паспелі ўручыць Ордэн Айчыннай вайны І ступені. У 1985 годзе ўзнагароджвалі Ордэнам ІІ ступені практычна ўсіх ветэранаў, а яму праз год далі — І ступені, за канкрэтныя баявыя заслугі. Вось такі быў у нас беларускі Робін Гуд – партызан-выведнік, фальшываманетчык.