Беларускі рай

Даволі часта мы ў сваіх размовах згадваем рай і пекла. То скажам пра райскую асалоду, то згадаем пякельныя пакуты, а тое будзем і ў захапленні ад пякельнай ці, наадварот, анёльскай прыгажосці. Калі ёсць слова, то павінна існаваць і рэч, з’ява, якую яно азначае.

Як выглядае пекла? Мастакі даволі ўпэўнена даюць яго выявы. Іх можна знайсці і на фрэсках касцёлаў, цэркваў і нават на карыкатурах гумарыстычных часопісаў. Звычайна гэта вялізныя катлы, у якіх чэрці вараць у смале душы грэшнікаў. Або прыдумляюць больш выштукаваныя пакуты. Скажам, пляткарам, ілжывым сведкам абцугамі выцягваюць языкі і б’юць іх молатамі на кавадле. Карацей, хто чым грашыў, праз тое і атрымлівае пакаранне.

А як выглядае рай? Яго мастакі стараюцца абыходзіць бокам. Бо нічога ўцямнага прапанаваць гледачу не могуць. Але ж ёсць казка, запісаная этнографам Аляксандрам Сержпутоўскім на Палессі ў канцы ХІХ стагоддзя.  Народная казка пра салдата, які вяртаўся дадому пасля службы, але заблукаў і дайшоў да краю Зямлі. Вось і вырашыў ён там заначаваць. Забіў у неба цвік, павесіў на яго свае рэчы і заснуў. Пачуўшы грукат малатка, з раю прыйшлі двое анёлаў. Паглядзелі, пашкадавалі салдата, які спаў на голай зямлі, падклаўшы пад галаву камень, і забралі яго да сябе. Прачнуўся салдат у раі і хацеў запаліць люльку. Аднак тытуню – чортавага зелля, у анёлаў не знайшлося, як не знайшлося і прыдуманай чортам гарэлкі. Засумаваў салдат і ўцёк. Як уцякаў, то зваліўся ў пекла, дзе і тытунь, і гарэлка для яго ў чорта знайшліся.

Зразумела, што такое пекла – гэта сапраўдны рай для адстаўнога салдата, у цяперашнім разуменні, дэмбеля. У воінаў ва ўсе часы мелася своеасаблівае ўяўленне пра рай. Варта прыгадаць Вальгалу старажытных вікінгаў – залу, у якую траплялі тыя, хто загінуў са зброяй у руках падчас сечы. Дах залы складаецца з вызалачаных шчытоў і абапіраецца на дзіды. З раніцы палеглыя героі бяруць зброю ў рукі і б’юцца да смерці. Пасля ўваскрасаюць і садзяцца за сталы, п’юць, балююць. На ноч да іх прыходзяць вясёлыя дзяўчаты. А раніцай зноў бойка да смерці. І так з дня на дзень цэлую вечнасць.

Не ведаю, як каму, а мне такі рай не даспадобы. Як і рай, апісаны ў Каране, дзе на кожнага ісламскага праведніка будуць чакаць семдзесят дзве цнатлівыя дзяўчыны. Нешта сумнае ёсць у гэтым і няправільнае.

Увогуле, рай для ўсіх існаваць не можа. Бо ў кожнага народа ёсць сваё ўяўленне пра шчасце. Сваё для жыхара стэпаў, другое для афрыканца, трэцяе для еўрапейца. Відаць, павінен быць і асобны беларускі рай, дзе існуе яго палеская філія. Сапраўдны беларус, а тым больш, паляшук, не могуць без працы. Памятаю, мая бабуля-нябожчыца ўгаварыла сваю сястру паехаць з намі на курорт да цёплага мора. На трэці дзень вясковая жанчына літаральна ўзвыла, ёй люта не было чаго рабіць, а проста ляжаць на пляжы не ўмела. Таму яна купіла квіткі на цягнік і паехала назад, да хатніх клопатаў і градаў. Вось я і мяркую, што беларускі палескі рай – гэта нешта кшталту сучаснай вёскі. І ў кожнага палескага праведніка там прасторны дом, гаспадарлівая жонка, парсючкі, куры з гускамі і індычкамі, трусы, агромністыя парнікі, умяшчальны міні-вэн, а тое і бусік, на якім ён возіць раннія гуркі, памідоры, трускалкі на райскія рынкі ў райскі Мінск. А тое і выбіраецца на ім вялікай сям’ёй на закупы ў суседні ўкраінскі рай. І не будзе ў гэтым раі ані хваробаў з болем, ані смерці.

Хто ведае, як там насамрэч? У народзе кажуць: “Там дакладна добра, бо адтуль яшчэ ніхто не вяртаўся”.