Беларускі Лас-Вегас

Быць памежным горадам заўсёды азначае цікавае жыццё. У міжваеннай Польшчы гарадское жыццё Пінска шмат у чым было абумоўлена наяўнасцю Пінскай вайсковай флатыліі. Палескія маракі адной сваёй формай стваралі адпаведны каларыт на вуліцах. Маніторы, тральшчыкі, катары і самалёты-гідрапланы дапаўнялі рачны краявіж. Прадстаўленні ў афіцэрскім казіно, спартыўныя матчы вайскоўцаў станавіліся значнымі падзеямі для ўсяго горада.

Аднак, гэта было толькі дапаўненнем да штодзённага жыцця Пінска, даволі буйнога па тых часах горада. Але ж у Заходняй Беларусі было мястэчка, памежны статус якога кардынальна змяніў яго жыццё. Гэта Ракаў – цяперашні аграгарадок за сорак кіламетраў ад Мінска. Ракаў адзінае беларускае мястэчка, якое ў міжваеннай Польшчы атрымала статус горада.

У 1921 годзе паводле Рыжскай дамовы, на падпісанне якой прадстаўнікоў Беларусі нават не запрасілі, наш край падзялілі на дзве часткі – заходнюю і ўсходнюю. Усходняя адышла ў склад СССР, а заходняя — да Польшчы. Мінск, тады ён афіцыйна называўся Менск, стаў сталіцай ССРБ (пазней абрэвіятуру змянілі на БССР), а Ракаў – бліжэйшым да беларускай сталіцы мястэчкам з боку Польшчы.

Першыя гады мяжа практычна не была абсталяваная. Вядома, уздоўж яе хадзілі патрулі памежнікаў. Аднак, спрытныя кантрабандысты заўсёды знаходзілі спосаб нелегальна перасекчы яе так званымі “свінячымі сцежкамі”. Сорак кіламетраў да Менска можна было пераадолець пешкі за адну ноч. Таму ўлетку праз мяжу не хадзілі – ночы кароткія. Позняя восень – самае тое, а яшчэ лепш, у завею, калі снег адразу засыпаў сляды.

З буржуазнай Польшчы ў БССР на сабе кантрабандысты неслі так званыя тавары раскошы – шаўковыя дамскія панчохі, карункавую бялізну, касметыку, біжутэрыю, грамафонныя пласцінкі, абутак, а таксама соскі, іголкі для шыцця… Вярталіся з золатам, за якое перакупшчыкі беларускай сталіцы скуплялі недасяжныя жыхарам СССР тавары. Часам кантрабандыст прыхопліваў у зваротны шлях савецкія цыгаркі, макарону, запалкі, соль – тое, што ў БССР каштавала танней, чым у Польшчы. Вадзілі праз мяжу і “фігуркі” – выводзілі людзей з БССР у Польшчу, гэта, дарэчы, быў самы прыбытковы бізнес.

Кантрабандысты насілі не свой тавар, іх забяспечвалі мясцовыя габрэі, якія мелі надзейных перакупшчыкаў у Менску. Прыбыткі былі шалёныя, за тры-чатыры ходкі ўдачлівы кантрабандыст зарабляў столькі, што мог купіць кватэру ў буйным горадзе Польшчы. Адразу закладалася і рызыка страты тавару – на кожную дзясятую ходку. Але ж вялікія грошы кантрабандысты лёгка спускалі проста ў Ракаве — на выпіўку, жанчын, прагульвалі ў карты. Невялікае мястэчка хутка расло, атрымала статус горада. У 1920-я гады тут было 94 рэстарацыі, а пры іх падпольныя і легальныя казіно, 4 “вясёлых” дома, 134 крамы. Жыхары валодалі 126-ю аўтамабілямі. У Пінску на той час іх было значна меней.

Аднак, і рызыка для кантрабандыстаў існавала велізарная. Памежнікі з’яўляліся самай малой пагрозай. У выпадку пагоні кантрабандысты часцей за ўсё паспявалі закапаць тавар, або схаваць золата ў дупле, на скрайні выпадак скінуць яго ў рэчку. Куды страшней былі сяляне, якія ведалі таемныя сцежкі і начамі палявалі на кантрабандыстаў, рабавалі, збівалі іх, забівалі. Нават існаваў невясёлы мясцовы жарт пра “чатырохзарадны беларускі карабін” – вілы, якія пакідалі ў целе адразу чатыры адтуліны.

Гады шалёнага разгулу ў Ракаве скончыліся з умацаваннем польска-савецкай мяжы. Цяпер Ракаў — звычайнае беларускае мястэчка, дзе не сустрэнеш ані кантрабандыстаў, ані шпіёнаў, якія вялі тут рэй у 20-я гады мінулага стагоддзя.