Атамнае каханне

Днямі сустрэў сваю колішнюю аднакурсніцу па інстытуце. Селі ў вулічным кафэ пагаманіць “пра жыццё”, бо не рабілі гэтага ад часоў сумеснай вучобы. Мы закончвалі разам Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці Аўтамабільныя дарогі ў канцы 1970-х гадоў. Наколькі я ведаў, яна крыху адпрацавала па размеркаванні ў Дарожна-эксплуатацыйнай службе, а потым сышла ў дэкрэтны адпачынак. Потым, колькі разоў сустракаў яе, падрабязнасцямі свайго жыцця на вуліцы асабліва не дзялілася, казала, што нарадзіла сына, а з мужам развялася. А тут яе чамусьці прарвала. Відаць, старасць набліжаецца, і хочацца падзяліцца самым патаемным. З кім яшчэ падзяліцца? Толькі з былым сакурснікам, з якім сустрэнешся, і больш не ўбачышся яшчэ гадоў дваццаць. Вось і распавяла яна мне на толькі што ўсталяванай летняй тэрасе кавярні свой лёс, які сама сабе абрала на пачатку 1980-х. Тэраса працавала на палову, на другой яе частцы вішчалі шрубавёрты і завіхаліся рабочыя – прыкручвалі дошкі памосту.

Мая аднакурсніца папрацавала па размеркаванні на інжынернай пасадзе за 120 рублёў. Ну, гэта прыкладна сённяшнія 240 рублёў на месяц. Зразумела, што так ёй не было магчымасці выжыць. А потым яна дазналася пра існаванне цудоўнага бізнесу. Дзяўчаты ў часы СССР – у 1980-я гады, адмыслова ехалі ў Паўночны Дзвінск, дзе была на той час база атамных субмарынаў. Туды прыходзілі пасля шматмесячных паходаў падводныя лодкі з ядзерным узбраеннем на борце. Дзяўчаты знаёміліся з флоцкімі афіцэрамі, калі тыя сыходзілі на бераг, і кіраваліся з імі адпачыць ў рэстарацыі. Тыя, хто месяцамі знаходзіўся ў падводных паходах каля берагоў ЗША, кідаліся на любую жанчыну, не кажучы ўжо пра падступную адукаваную беларуску з вышэйшай адукацыяй. Бо ў Паўночным Дзвінску жанчын увогуле бракавала.

Што яшчэ трэба мужчыну, які прабыў не тое, каб у моры, а пад марскою паверхняй некалькі месяцаў, святла сонечнага не бачыў? Жанчыны, пра якую ён марыў падчас вахтаў, і якая стане нарэшце ягонаю жонкай, маці яго дзіцёнка! Будуць яны разам сустракаць свайго героя – мужа-бацьку каля пірсу, да якога швартуецца атамная субмарына пасля працяглага баявога паходу пад гукі духавога вайсковага аркестру.

І не думалася савецкім флоцкім афіцэрам пра тое, адкуль узяліся ў Паўночным Дзвінску беларускі пасля заканчэння тэхнічнае ВНУ, што прывяло іх на бераг Паўночна-Ледавітага акіяну, дакладней, не хацелася думаць пра тое, бо атрымлівалі яны нерэальна вялікія па савецкіх мерках грошы, і думалі, што за грошы можна купіць усё.  У тым ліку, і каханне.

Грошай на кішэні ў флоцкага афіцэра — “мора”, сям’і няма. На беразе ты месяц і больш. Куды, як не па рэстарацыях ды на жанчын будзе іх вытрачаць нежанаты флоцкі афіцэр. Вось і цяжаралі ад іх нашыя дзяўчаты, афармлялі шлюб, а іх мужы зноў сыходзілі ў паход. Потым “дзяўчаты” падавалі на сваіх мужоў-падводнікаў на аліменты і вярталіся жыць на гістарычную радзіму, маючы адлічэнні на дзіцёнка ў некалькі разоў большыя,  чым зарплата ва ўсёй БССР.

Мая аднакурсніца прызналася мне, што мела 250 рублёў аліментаў. Такой зарплаты я дасягнуў толькі праз два гады працы па размеркаванні, калі зрабіўся прарабам на будоўлі. Мая аднакурсніца за кубачкам кавы прызналася, што потым у яе былі цяжкія часы. Але ж увесь час бацька яе сына не забываўся пра яго. Ён і зараз часам прыязджае, бо не сумняецца ў сваім бацькоўстве. Сам вайсковы пенсіянер-падводнік пачаў шукаць свае беларускія карані. Знайшоў – па маці ён беларус, са шляхты. Што замінала маёй аднакурсніцы заставацца жонкай падводніка гэтыя гады? Я так і не зразумеў.