Апошні стрэл

Я страляў з паляўнічай зброі толькі адзін раз у 1983 годзе. Першы і апошні… Працаваў я тады пасля заканчэння інстытута прарабам на будаўніцтве аўтамагістралі Мінск-Брэст. Сыпалі мы земляное палатно недалёка ад Міра. Верхні слой на глыбіню прамярзання можна адсыпаць толькі з пяску, ён прапускае ваду, калі трапіцца гліна, то бетон або асфальт прасядуць, растрэскаюцца. Вось і даводзіцца вазіць грунт на верхні слой з пясчаных кар’ераў.

На маім участку праектанты вызначылі два пясчаныя кар’еры. Адзін за два кіламетры ад трасы ў лесе, другі за дзесяць. Прыехаў я ў мясцовы лясгас, аформілі з яго дырэктарам часовую перадачу часткі лесу пад кар’ер з наступнай рэкультывацыяй. Зразумела, што на два кіламетры мне вазіць грунт самазваламі прасцей і танней, чым на дзесяць. Таму спачатку і кінуў тэхніку ў бліжэйшы — лясны кар’ер. За пару месяцаў выбраў увесь ліміт на вываз пяску. Запрасіў дырэктара лясгасу, каб узгадніць з ім дэталі па рэкультывацыі, закрыцці кар’ера. Як убачыў ён праект, схапіўся за галаву. Адхоны праектанты заклалі пад 45 градусаў. А лясгасу на іх трэба лес аднавіць. На такіх схілах тэхніка не працуе. Давядзецца рабочым сосны садзіць рукамі пад рыдлёўку, а грошы на гэта у бюджэце па савецкай звычцы не закладзены.

Кампраміснае рашэнне мы з дырэктарам знайшлі хутка. Ён даў мне дазвол і далей браць пясок у блізкім да трасы кар’еры. Такім чынам, плошча яго пашыралася, і я меў магчымасць зрабіць адхоны не такімі стромымі, каб на іх магла працаваць лесапасадачная тэхніка. Карацей, усе засталіся задаволенымі. Я эканоміў паліва і колькасць самазвалаў, скарачаў тэрміны будаўніцтва свайго ўчастка магістралі саюзнага значэння. Дырэктар атрымліваў магчымасць без галаўнога болю пасадзіць новы лес. Чыстае рацыяналізатарства, як казалі ў тыя часы, і ніякага крыміналу.

І ўсё ж у нашай вытворчай культуры закладзена такое разуменне, як “аддзячыць”. Калі я афіцыйна перадаваў былы зараўняны бульдозерамі кар’ер, дырэктар лясгасу запрасіў мяне праз тыдзень узяць удзел у паляванні на дзікоў. Я не паспеў добра падумаць і пагадзіўся…

Паляўнічая база, абнесеная парканам, хавалася ў лясных нетрах. Некалькі гасцявых домікаў, адзін вялікі з залай. Ужо палілі лазню, накрывалі сталы. З’ехалася раённае начальства сярэдняга звяна, некалькі дырэктараў мясцовых прадпрыемстваў. Я, хоць, і быў таксама пэўным начальнікам, але ў свае дваццаць чатыры гады, з даўгімі валасамі пад Джона Ленана выглядаў даволі легкадумна. Пераапрануліся, пабралі стрэльбы і на некалькіх уазіках вырушылі на паляванне. Егер па рацыі ўжо паведаміў пра дзікоў. Па дарозе дырэктар лясгасу інструктаваў мяне, маўляў, ніколі нельга выходзіць на лінію агню.

На месцы паляўнічыя разбіліся на “нумары”, занялі пазіцыі каля шырокай лясной гравейкі. На начным небе узышла поўня. Усе сцішыліся, прастора поўнілася таямнічымі гукамі. Душа злівалася з прыродай. Захрумсцела сухое галлё, і на дарозе з’явілася чарада дзікоў. Жывёлы пераходзілі гравейку.

І тут я раптоўна адчуў, што не змагу застрэліць безабаронную дзікую істоту. Мала таго, я не магу дапусціць, каб пры мне іх забіў нехта іншы. Я выскачыў на гравейку, акурат туды, дзе праз імгненне мусілі перакрыжавацца траекторыі стрэлаў. Дзікі спыніліся, павярнуліся да мяне лычамі, але не ўцяклі. Тады я ўскінуў стрэльбу і з двух ствалоў садануў дуплетам у начное неба. Дзікі імгненна рванулі ў лес. Такой адборнай лаянкі ад салідных людзей я дагэтуль не чуў.

З таго дня я больш ніколі не браў у рукі зараджаную паляўнічую стрэльбу.