Апошнi кароль

Ніводзін народ не любіць згадваць пра свае паражэнні. Так, напрыклад, у былых рэспубліках Савецкага Саюза ставяцца да вайны ў Афганістане. Шануюць яе ветэранаў, але саму прайграную вайну стараюцца не ўспамінаць. Пры гэтым усю адказнасць за паражэнне будуць ускладаць на Леаніда Брэжнева, пры якім яна распачалася.

У нашай гісторыі таксама ёсць персанаж, на якога, як кажуць у народзе, “вешаюць усіх сабак”. Гэта апошні манарх Рэчы Паспалітай – Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. 25 лістапада 1795 года ў Гродна ў Новым замку ён падпісаў адрачэнне ад трона на карысць расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ. На гэтым Рэч Паспалітая спыніла сваё існаванне. Краіну падзялілі паміж сабой Аўстрыя, Прусія і Расія.

Вядома, такі ўчынак не лепшая рэкамендацыя манарху. Апошняму каралю звычайна прыгадваюць, што ён у маладосці быў каханкам будучай расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ, але пры гэтым не ўлічваюць, што тады ён яшчэ служыў дыпламатам. І такая сувязь з вялікай княгіняй магла пайсці толькі на карысць ягонай радзіме. Асабістыя адносіны ў вялікай палітыцы ролі амаль не адыгрываюць. Не з-за былога ж кахання Станіслаў Аўгуст адрокся ад кароны. Проста расійскія войскі на той момант ужо гаспадарылі ў краіне і адрачэнне адбывалася пад прымусам.

Трэба згадаць, да якога стану давялі Рэч Паспалітую папярэднікі Станіслава Панятоўскага – прадстаўнікі саксонскай дынастыі, так званыя Сасы: Аўгуст ІІ па мянушцы Моцны і яго сын, наступнік на троне Аўгуст ІІІ.

Аўгуста ІІ больш, чым дзяржаўныя справы, цікавілі жанчыны. Як казалі сучаснікі, у распусце ён перасягнуў нават французскага караля Людовіка ХIV. Гэта было б толькі прыватнай справай караля, але Аўгуст ІІ ўцягнуў краіну ў абсалютна не патрэбную ані палякам, ані беларусам вайну са Швецыяй, пры гэтым дазволіў зайсці на нашу тэрыторыю і весці тут баявыя дзеянні нібыта саюзным войскам Пятра І. Наступствы гэтага сталі для Беларусі катастрафічнымі – чалавечыя ахвяры, разрабаваныя, разбураныя вёскі і гарады. Ягоны сын і наступнік на троне — Аўгуст ІІІ да жанчын быў абыякавы, але меў іншую загану – больш за ўсё ў жыцці любіў пажэрці. З усіх трох сталіц Рэчы Паспалітай ён аддаваў перавагу Гродна, дзе яго менш даймалі з дзяржаўнымі справамі. Нажэршыся, ён з пісталетамі сядаў на канапу і страляў па сваіх паляўнічых сабаках, якія бегалі па палацы.

Гэтыя двое прадстаўнікоў саксонаскай дынастыі – Сасы, за гады свайго панавання ператварылі Рэч Паспалітую ў “заездную карчму”. Так што, калі пасля смерці Аўгуста ІІІ новым каралём быў абраны Панятоўскі, дзяржавы ў поўным разуменні гэтага слова ўжо не існавала. Але Станіслаў Аўгуст амаль адразу ўзяўся праводзіць рэформы. Ён спрабаваў наладзіць палітычны саюз з Францыяй і Аўстрыяй, каб супрацьстаяць Прусіі і Расіі. Па ягонай прапанове сойм прыняў канстытуцыю 1791 года. Рэфармаваў войска, падтрымліваў адкрыццё мануфактур, вышэйшых навучальных ўстаноў, рыхтаваў стварэнне акадэмій мастацтва і навукі, здольным маладым людзям прызначаў дзяржаўныя стыпендыі і пасылаў іх вучыцца за мяжу. Пры ягоным праўленні быў пабудаваны Каралеўскі канал, які злучыў рэкі Балтыйскага і Чарнаморскага басейнаў.

Але, відаць, было ўжо позна. Суседнія дзяржавы, літаральна, разарвалі краіну на кавалкі. Падзялілі паміж сабой. Пасля адрачэння ад трона Станіслаў Панятоўскі жыў у Пецярбурзе, дзе і памёр у 1798 годзе.

Рэфарматараў пры іх жыцці ў народзе не любяць. Не здарма ж з тых часоў да нас дайшла беларуская прымаўка: “Пры карале Сасе было сала і мяса, а прыйшоў Панятоўскі, і свет стаў не такоўскі”.