Апошні дзень Якуба Коласа

Якуб Колас, сапраўднае яго імя і прозвішча Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, пайшоў з жыцця 13 жніўня 1956 года. Ён быў і застаецца для беларусаў сапраўдным сімвалам нацыі поруч з другім паэтычным геніем – Янкам Купалам. Правесці народнага паэта ў апошні жыццёвы шлях на Цэнтральную плошчу сталіцы Беларусі сабраліся тады некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

Апошні дзень жыцця Якуба Коласа быў асвечаны адным смелым учынкам, на якія ў тыя гады, калі яшчэ была свежая памяць пра сталінскія рэпрэсіі, мала хто мог адважыцца. Усяго за некалькі гадзін да смерці Якуб Колас занёс у Цэнтральны камітэт кампартыі Беларусі ліст – заклік да кіраўнікоў рэспублікі пра крытычны стан з беларускай мовай. Відаць, адчуваў, што яму мала засталося адмерана на гэтым свеце. Стан здароўя апошнія гады імкліва пагаршаўся.

Над гэтым лістом Якуб Колас працаваў некалькі месяцаў. Але ж сакратар ЦК Цімафей Гарбуноў, а ён адказваў за культуру, адмовіўся прыняць пісьменніка. І ліст давялося пакінуць у прыёмнай. Вось як згадвае той дзень малодшы сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч: “Перш-наперш, вярнуўшыся з ЦК, бацька павіншаваў з народзінамі 5-гадовую ўнучку Марыю. За абедам ва ўласным кабінеце бацька раптам аціх… тое была імгненная смерць”.

Пісьмовы зварот Якуба Коласа з’явіўся шокам для кіраўнікоў ЦК. Яго не друкавалі, гэты ліст захоўваўся ў архіве з грыфам “Совершенно секретно”. І толькі ў 1990-м годзе яго нарэшце апублікавалі ў пісьменніцкай газеце “Літаратура і мастацтва”.

Нажаль, і сёння некаторыя думкі Якуба Коласа, выкладзеныя ў тым лісце, не страцілі сваёй злабадзённасці:

«… Далейшае развіццё культуры рэспублікі вельмі многа праігрывае і, скажам проста, стаіць перад сур’ёзнай пагрозаю іменна ад недастатковай увагі да роднай мовы. Установы сталіцы вывелі з абыходку беларускую мову: на ёй не вядзецца перапіска, на ёй не гавораць з наведвальнікамі, у гарадах няма беларускіх шыльд і надпісаў, мала беларускіх афіш і плакатаў… Няўжо ж нашы аўтамабілі, трактары, станкі, тканіны, цукеркі, папяросы сталі б горшымі, каб на іх былі беларускія надпісы. Хай толькі якасць не падводзіць! Бо колькі не пішы «Казбек» на мінскіх папяросах, усё роўна спажывец патрабуе ленінградскіх…»

«Беларускую мову можна пачуць у тэатрах і па радыё. Але што гэта за мова? Гэта непрыхаваны здзек над ёю. Артысты і дыктары парушаюць элементарныя правілы вымаўлення, пастаноўкі націскаў, мова засмечана мноствам скажоных слоў-калек, няўдала запазычаных з рускай мовы…»

“У вузах, тэхнікумах, школах выкладанне не вядзецца па-беларуску, наша мова выкладаецца кепска, так, што робіцца нялюбым прадметам. Беларускіх школ мала… Кажуць, што супраць беларускай школы з’яўляюцца пратэсты насельніцтва. Я і мае таварышы-літаратары атрымліваем таксама абразлівыя пісьмы за абарону мовы, за работу на ёй. Трэба добра разабрацца, хто гэта піша. Праўда, разбірацца цяжка, бо пішуць ананімы…”
“Пратэставаць супраць роднай мовы, з аднаго боку, могуць людзі па неразуменню, а з другога — нашы ворагі, ворагі нашай савецкай рэчаіснасці, ворагі дружбы народаў».
«Ці не выступаю я такім чынам супраць ужывання і пашырэння рускай мовы? Не, руская мова — гэта шырокая брама ў культуру рускага народа, народаў нашай Радзімы і ўсяго свету… Але, няма чаго граху таіць, сапраўднага ведання рускай мовы ў рэспубліцы няма: яна перакручваецца і калечыцца. І гэта мне таксама рупіць і баліць, як перакручванне і калечанне мовы беларускай».