Амаль калядная гiсторыя

Варта было мінуць навагоднім святам, як нарэшце выпаў снег. Не той, падманлівы, што быў раней, здольны толькі пабяліць вуліцы, а глыбокі, пульхны. У якім машыны не едуць, а плывуць. Які немагчыма прыбраць, бо ён цярушыць і цярушыць з неба.

Варта было выйсці на заснежаны двор, як адразу згадалася дзяцінства. Дзецьмі мы радаваліся снегу. З яго мы рабілі крэпасці і гулялі снежкамі ў вайну. Каталіся з горкі! Фабрычныя санкі не ўважалі  нечым прэстыжным, на іх часцей каталіся дзяўчаты. У хлопцаў больш шанаваным лічылася нешта самаробнае, кустарнае. Асаблівым шыкам былі так званыя “козы”, іх сабе мог дазволіць той, у каго бацька працаваў на будоўлі або на заводзе. Выгіналі іх з арматуры ці з водаправодных трубаў. На палазы прыварвалі металічныя пласціны, на якіх трэба было стаяць. Аберуч трымаліся за дугу перад сабой. На такой канструкцыі можна было выконваць піруэты не горшыя, чым цяпер на сноўбордах, яна заставалася кіраванай нават на лёдзе. Часам на адной “казе” з’язджалі з горкі адразу па дваіх, па траіх.

Суседская дзяўчынка, якая мне падабалася, з першым снегам аддала перавагу не мне і не маім фабрычным санкам, а аднакласніку з ягонай “казой”. Мне падобная раскоша была недасяжная — бацька пісьменнік, маці працавала ў газеце, ні да зварачнага апарату, ні да сталёвай арматуры доступу яны не мелі. Аднак, маці, сама не ведаючы таго, падказала мне рашэнне. Неяк яна расказала, як да вайны моладзь каталася ў гарадскім парку. Да ножак звычайнага крэсла прыбівалі цвікамі лыжы. Такая канструкцыя называлася “фінскія санкі”. Дзяўчына садзілася, хлопец станавіўся ззаду, кіраваў спускам, так і з’язджалі. Або проста хлопец штурхаў яе перад сабой па лёдзе ракі.

Я выцягнуў з сарайчыка старое крэсла, прыбіў да яго свае дзіцячыя лыжы, з якіх на той час ужо вырас.

Каб прыцягнуць да сябе ўвагу, трэба стаць у нечым не падобным да іншых. Хлопцы і дзяўчаты абступілі мяне, смяшкі скончыліся, калі яны пачулі чароўнае словазлучэнне “фінскія санкі”. У тыя часы ў БССР усё фінскае было ў модзе. Фінляндыя, практычна, адзіная капіталістычная краіна, у якой Савецкі Саюз купляў адзенне, абутак і харчовыя тавары. У некаторых на кухнях, як упрыгожванне, гадамі стаялі навідавоку парожнія бляшанкі ад дэфіцытнага фінскага піва. Хто цяпер чуў пра тое фінскае піва?! Я расказаў, што на такіх санках катаюцца па двое – хлопец і дзяўчына. Зразумела, што дзяўчынка, якая мне падабалася, села ў крэсла, і мы з’ехалі з гары. З таго часу і каталіся разам. Я навучыўся цудоўна кіраваць “фінскімі санкамі”, проста прытарможваў нагой з аднаго ці з другога боку. Часам рабіў невялікія хітрыкі, калі проста катаў яе, мы нібыта выпадкова перакульваліся і разам ляцелі ў сумёт. Дзяўчынка смяялася, мы выбіраліся і абтрасалі адно аднога ад снегу. Асабліва мне падабалася асцярожна здымаць пальцамі снег, наліплы на яе бровы, вейкі. А потым яна здымала снег з майго твару.

За такім бязвінным дзіцячым фліртам мы абсалютна забыліся на тое, што пакрыўдзілі хлопчыка з “казой”, ад якога дзяўчынка сышла да мяне. А ён не забыўся на крыўду. Тыдні праз два на поўнай хуткасці сталёвая “каза” ўрэзалася пры спуску ў нашыя “фінскія сані”, якія валяліся парожнімі каля сумёту. Толькі трэскі паляцелі.

Я не палез біцца, проста збіраў абломкі. Яна не стала сварыцца, дапамагла мне і запрасіла да сябе. Да прыходу яе бацькоў мы сядзелі каля грубкі і палілі тое, што засталося ад “фінскіх санак”. Вучыліся мы ў пятым класе, на двары стаяў 1970 год.