Адзiн рубель

Выцягнуў з антрэсоляў зімовае паліто і выявіў у кішэні колькі старых сініх “тысяч”. Вырашыў пакласці іх у бляшанку, куды для гульняў з унукам складаю грошы, што выйшлі з ужытку. Сярод “зайчыкаў”, “зуброў” трапіўся мне і папяровы савецкі рубель “драўлянага колеру”. Я не пакутую тугой па СССР, але міжволі пасміхнуўся яму, як старому знаёмаму. Паклаў на стол і разгладзіў, бо згадаў, як у дзяцінстве бацькі давалі мне грошы “на кішэнныя выдаткі” — адзін савецкі рубель на чатыры дні і менавіта папяровы. Хочаш, лясні яго за дзень, а хочаш, расцягвай да новай “зарплаты”.

Звычайна сыходзілі тыя грошы на атракцыёны ў парку, так у ціры адна кулька для пнеўматычнай стрэльбы каштавала 2 капейкі. На дзіцячыя сеансы ў кіно за квіток трэба было аддаць 10 капеек і яшчэ заставалася на коржык ці марозіва, ну а на дарослы фільм выкладаў усю дзённую норму – 25.

Вядома, тады мне хацелася, каб давалі грошай паболей. Але ж бацькі ліміт не павышалі. А я ніяк не мог зразумець, чаму дзяржава не надрукуе рублёў столькі, каб іх усім ставала. Гэта ж так проста – уключыў друкарскі станок, і з яго пасыпаліся навюткія храбусткія рублі. І ўсім будзе шчасце. Сваёй крыўдай на дзяржаву, калі атрымліваў свой чарговы рубель, я падзяліўся з бацькамі.

Маці дэманстратыўна пакінула ў партманеце дзесяць рублёў і ўзяла мяне да крамы. Купляла, як звычайна, нічога асаблівага. Пасля, ужо па вяртанні, яна пасадзіла мяне на кухні. На стол выклала набытыя прадукты і побач з імі паклала дробную рэшту. Вось так пачалася для мяне першая лекцыя па эканоміцы. Аргументы ў маці былі жалезныя, пярэчыць не выпадала. “А цяпер ўяві, што і ў нас, і ў другіх людзей у краме было б с сабой удвая больш грошай, — сказала яна. – Іх бы, як ты хочаш, дзяржава надрукавала і проста так раздала”. Мне давялося пагадзіцца з тым, што ў такім выпадку ўсе купілі б удвая больш прадуктаў. І паліцы ў краме засталіся б пустымі. Падобная карцінка не выглядала фантазіяй. У БССР і так быў даволі адчувальны дэфіцыт. Для большай пераканаўчасці маці дала мне прачытаць на купюры радок, дзе абвяшчалася, што яна забяспечана ўсёй маёмасцю СССР. То бок, грошай у дзяржаве павінна быць роўна столькі, колькі ёсць матэрыяльных дабротаў. Потым, калі я ўжо вучыўся ў інстытуце, то гэтую ісціну нам выкладалі паводле “Капіталу” Карла Маркса.

А яшчэ пазней давялося спазнаць яе на практыцы, калі пачалася шалёная інфляцыя, і ў калькулятараў ледзь ставала разрадаў, каб змяшчаць на экране грашовыя сумы. У гэтай зменлівай сітуацыі, каб мець магчымасць параўноўваць сённяшнія-учарашнія кошты і зарплаты, народ хуценька прывучыўся лічыць усё ў доларах. Нават бабулькі, якія гандлявалі пятрушкай і кропам на вуліцах, упэўнена называлі кошты ў амерыканскіх цэнтах. І вось нарэшце Беларусь зноў вярнулася да паўнавартасных грошай, калі на купюрах няма лішніх нулёў, калі ёсць рэчы, якія літаральна каштуюць капейкі. Скажам, карабок запалак. Людзі паступова прывыкаюць мысліць рублямі, а не доларамі.

Але ж у цяперашніх беларусаў назіраецца дзіўнае расслаенне свядомасці. Калі мы хочам падкрэсліць грунтоўнасць пакупкі, або велічыню немалога заробку, то і цяпер з гонарам працягваем казаць, колькі гэта мільёнаў “старымі”. Калі ж у размове скардзімся на малую зарплату, або прадавец на рынку спрабуе пераканаць, што яго тавар танны, то гаворым пра “усяго столькі і столькі рублёў”.

Вось пра што згадалася, калі мне зноў трапіў у рукі стары савецкі “драўляны” рубель адной паперкай, які цяпер каштуе толькі дзіцячых ўспамінаў.