Ад свята да свята

Яшчэ са школы нас вучылі: каб замацаваць плоскасць у прасторы, трэба стварыць для яе, як мінімум, тры зафіксаваныя кропкі. І тады можна з пэўнасцю вылічыць, дзе яна праходзіць, можна вызначыць любую яе кропку. Кожнае ўніверсальнае правіла вернае не толькі для той галіны ведаў, для якой яно стваралася. Скажам, кожная краіна, нацыя таксама мае шэраг кропак — маркераў, дзякуючы якім можна вызначаць яе месца ў свеце. Гэта і геаграфічная прывязка тэрыторыі, і тыя мовы, якімі карыстаецца насельніцтва, грашовая адзінка.

Часам можна пачуць меркаванне, што Беларусь шмат у чым працягвае існаваць у савецкім мінулым. Але гэта не так. Давайце згадаем, як геаграфічна пазіцыянавалі БССР. Самай частай згадкай было тое, што Брэст самы заходні горад СССР. Ён і цяпер самы заходні ў Беларусі, толькі пра гэта ўжо амаль не згадваюць. Цяпер часцей за ўсё гавораць пра тое, што мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы. Праўда, наконт гэтага цэнтру можна паспрачацца. Нават у Беларусі іх існуе два. Да таго ж падобныя памятныя знакі ўстаноўленыя ва Украіне, Літве, Польшчы, Германіі, Славакіі. Вызначэнне цэнтру нашай часткі свету залежыць ад методыкі падліку. Нехта ўключае ў тэрыторыю аддаленыя еўрапейскія выспы, нехта не ўключае. Але галоўнае, што ў свядомасці кожнага беларуса цяпер абсалютна справядліва існуе жорсткая прывязка нашай краіны да Еўропы, чаго ў СССР не было.

Адным з важных маркераў для кожнай дзяржавы з’яўляюцца святы. І тут з савецкіх часоў у Беларусі паступова адбыліся радыкальныя змены. Няхай у нас дагэтуль 7 лістапада – чырвоны дзень календара, аднак змяніўся сэнс гэтага дня. Цяпер яго згадваюць не як трыумф камуністычнай ідэі, а як перадумову аднаўлення беларускай дзяржаўнасці ў форме БССР.

Цікавая трансфармацыя адбываецца і з Днём перамогі – 9 мая. Варта згадаць, што адразу пасля вайны ён быў працоўным днём. На дзяржаўным узроўні святкавалі 2 верасня – дзень заканчэння Другой сусветнай вайны, у які капітулявала Японія. Потым яго адмянілі. І толькі ў 1965 годзе ў СССР 9 мая стала адным з самых галоўных святаў. Пэўны час і ў незалежнай Беларусі 9 мая было галоўным святам, звязаным з мінулай вайной. Аднак, паступова акцэнт змясціўся на 3 ліпеня – ранейшы Дзень вызвалення Беларусі. Менавіта на гэтую дату цяпер прыпадаюць у нас галоўныя дзяржаўныя ўрачыстасці. Чаму так адбываецца? Проста Расійская Федэрацыя ў апошнія гады спрабуе “прыватызаваць” Дзень перамогі. І па тэлебачанні, і ў газетах нашы усходнія суседзі амаль паўсюдна ставяць знак роўнасці паміж СССР і сённяшняй РФ. Вось і атрымліваецца ў некаторых залішне рускіх патрыётаў, што ўжо не савецкі народ змагаўся з нацызмам, не разам беларусы, украінцы, рускія, казахі, грузіны… а толькі адны яны. Таму і змясціўся ў нас акцэнт на 3 ліпеня, бо гэтае выключна нашае свята ў нас ніхто “забраць” не можа.

Цяпер, калі мы гаворым “навагоднія святы”, то ўсе разумеюць адкуль узяўся множны лік, бо вядзецца і пра Новы год, і пра Каляды – Божае нараджэнне. Цікава, што і ў СССР гаварылі менавіта “навагоднія святы”, хаця адзначалі толькі Новы год, а Божае нараджэнне, што па каталіцкім, што па праваслаўным календары, практычна было пад забаронай. Сённяшнія беларусы ў сваёй большасці пакуль яшчэ не вызначыліся, што для іх важнейшае: Новы год, ці Божае нараджэнне. Хаця, у еўрапейскай традыцыі Каляды адназначна стаяць на першым месцы. Хутчэй за ўсё, і тут гадоў праз дзесяць мы зробім выбар.

У любым выпадку – вясёлых навагодніх святаў усім нашым чытачам!