200 гадоў таму

Памятаеце хрэстаматыйны верш Францішка Багушэвіча? “Прэч бутэлькі, люлькі, карты, рушым у святы паход… Знаць Чачота ўсе павінны і пра Зана дабрачыннасць, пра Касцюшку і Манюшку, і пра песняроў”. Зразумела, што наш класік у ХІХ стагоддзі пад “песнярамі” меў на ўвазе не ансамбль, створаны Уладзімірам Мулявіным, а паэтаў, якія ў сваіх творах праслаўлялі наш край, Адама Міцкевіча і Уладзіслава Сыракомлю. Пра Касцюшку і Манюшку ў савецкай школе таксама распавядалі на школьных уроках. А вось пра Тамаша Зана і Яна Чачота вельмі мала. 

Чым жа важныя яны для нас, каб мы, згодна з Багушэвічавым запаветам, памяталі пра іх? Днямі споўнілася роўна 200 гадоў з таго дня, калі група студэнтаў віленскага ўніверсітэта стварыла таемнае таварыства філаматаў і філарэтаў. У яго ўваходзіла некалькі дзясяткаў студэнтаў. Неўзабаве таварыства займела філіі і ў іншых навучальных установах Беларусі, Літвы Украіны. У таварыства ўваходзілі такія знакамітыя потым асобы, як Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка. Што гэта было за пакаленне? Яны па маладосці не ўдзельнічалі ў паўстанні Тадэвуша Касцюшкі. Але ж іх бацькі і старэйшыя браты са зброяй у руках спрабавалі аднавіць незалежнасць сваёй радзімы, ваявалі ў вайну 1812 года пад штандарамі імператара Напалеона, які абяцаў даць самастойнасць Рэчы Паспалітай. Студэнты, якія на ўласныя вочы падлеткамі бачылі разгром французскага войска, разумелі, што збройным чынам змагацца з царызмам немагчыма – гэта будзе параза. І яны абралі іншы шлях, як паказаў час, больш плённы. Зменаў у дзяржаве, вызвалення Радзімы яны вырашылі дамагчыся праз пашырэнне ведаў у грамадстве, праз культуру.

Філаматы, філарэты, а ў таварыства ўваходзілі не толькі студэнты-гуманітарыі, але і медыкі, геолагі, на вакацыях збіралі фальклор, самі пісалі творы, стваралі так званыя ланкастарскія школы, таемныя, падпольныя, дзе навучалі па ўласных праграмах. Яны не рыхтавалі паўстання. Проста вялі асветніцкую, культурную працу. На пасяджэннях сваіх суполак прынцыпова не ўжывалі спіртнога, пілі малако. Калі б таемнае таварыства праіснавала долей, то мы мелі б новую беларускую літаратуру на паўстагоддзя раней, бо некаторыя з філаматаў пачыналі пісаць вершы і па-беларуску. Толькі, не склалася, не пашанцавала. Царскі стаўленік у Варшаве сенатар Навасільцаў быў злоўлены на карупцыі. Адным з любімых яго прыёмаў было арыштоўваць сыноў багатых людзей, абвінавачваючы іх у антыдзяржаўнай дзейнасці, а потым вымагаць у бацькоў хабар за тое, каб адпусціць на волю. На жадаючы гучнага скандалу, царскія ўлады проста перавялі Навасільцава на службу ў Вільню.

Сенатару трэба было выслужыцца на новым месцы, каб зноў займець давер у імператара. Выкрыццё таемнай арганізацыі ва ўніверсітэце падалося Навасільцаву вельмі добрай для гэтага тэмай. Сярод студэнтаў і выкладчыкаў пачаліся арышты. Для працы следчай камісіі нават стварылі новую турму, аддаўшы пад яе былы Базыліянскі кляштар. Не гледзячы на тое, што студэнты займаліся толькі культурай і навукай, прысуды былі жорсткімі. Хтосьці трапіў на катаргу, хтосьці ў высылку, хто падаўся ў эміграцыю. Універсітэт у Вільні расфармавалі, пакінуўшы ад яго толькі медыцынскі факультэт.

Нават у высылцы, на эміграцыі многія нашыя таленавітыя землякі здолелі зрабіць кар’еру, сталі знакамітымі. Сёння памяць пра філаматаў і філарэтаў у Беларусі ўшанаваная, іх імёнамі названыя вуліцы, стаяць помнікі ў гарадах. У сталіцы прайшоў шэраг юбілейных мерапрыемстваў, арганізаваных беларускім бокам, сумесна з польскім.