101 год таму

11 лістапада споўніўся 101 год з таго дня, як завяршылася Першая сусветная вайна. Ужо даўно няма тых, хто ваяваў на яе франтах, нават тых, хто бачыў яе на свае вочы. У выніку зніклі чатыры датычныя да яе пачатку імперыі. Перасталі існаваць Расійская, Асманская, Германская і Аўстра-Венгерская імперыі. У вайне бралі ўдзел 38 дзяржаў з агульнай колькасцю насельніцтва 1,5 мільярды. 10 мільёнаў загінулых. Чаго не ставала тым, хто яе развязаў? Кожная з імперый імкнулася знішчыць геапалітычных праціўнікаў, заваяваць новыя тэрыторыі. Практычна, адзінай краінай, якая вяла тады справядлівую – абарончую, вайну, аказалася невялікая Бельгія. Па ёй жорстка прайшоўся германскі вайсковы каток. Менавіта ў Бельгіі ўпершыню ў навейшай гісторыі з’явілася практыка спальвання вёсак разам з жыхарамі. Акупанты бралі закладнікаў, праводзілі масавыя расстрэлы мірных жыхароў, нават дзяцей.

Не пашчасціла і беларусам, бо ўсходні фронт гэтай вайны пралёг па нашай тэрыторыі. Царскія ўлады выкарыстоўвалі тактыку выпаленай зямлі. На землях, з якіх адступалі яе войскі, знішчалі практычна ўсё, а насельніцтва гналі ў бежанства. Усіх, каго толькі можна было, у Беларусі мабілізавалі. Форму расійскага войска давялося надзець і Янку Купалу, і Якубу Коласу, і Максіму Гарэцкаму…

У гэтай вайне шмат што выкарыстоўвалі ўпершыню. Менавіта тады былі створаныя першыя танкі, упершыню ў баявых дзеяннях выкарыстоўвалі авіяцыю, першыя бомбы паляцелі на гарады. Першы раз была ўжытая зброя масавага знішчэння – атрутны газ.

Нажаль, з самімі ўдзельнікамі той вайны мне гаварыць пра яе не давялося. Аднак мой сябра расказаў гісторыю свайго дзеда. У Першую сусветную той служыў у так званых “пластунах”. Нешта кшталту сучасных падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння. Часцей за ўсё ім даводзілася па-пластунску перасякаць лінію фронту, каб захапіць “языка”. Каб не губляць кваліфікацыю, у вольны час “пластуны” забаўляліся наступным чынам. Недалёка ад іх дыслакавалася рота, якая складалася з татараў. Зразумела, што ў іх мелася свая асобная кухня, дзе гатавалі халяльную ежу. І вось у “пластуноў” лічылася подзвігам незаўважна прапаўзці да іх і падкінуць мусульманам у кацёл свіное вуха.

Аднойчы на іх пазіцыі немцы здзейснілі газавую атаку, а супрацьгазаў тады ў салдат яшчэ не было. Дзед майго сябра здагадаўся шукаць паратунку ў вялікім стозе сена. Так уратаваў і сябе, і сваё падраздзяленне. Камандаванне прапанавала яму ўзнагароду на выбар – альбо павышэнне ў чыне, альбо “Георгія”. Той выбраў ордэн, бо за яго належала пажыццёвая штомесячная грашовая выплата.

Скончылася вайна, дзед вярнуўся дадому ў Заходнюю Беларусь. Палякі царскія вайсковыя ўзнагароды прызнавалі і таму плацілі рэгулярна. Толькі з прыходам “саветаў” у 1939 годзе ўзнагароду давялося схаваць падалей. А вось з прыходам немцаў у 1941 годзе здарылася нечаканае. Частку Гарадзеншчыны акупанты адміністрацыйна аднеслі да Трэцяга Рэйху. То бок, там у абароце хадзілі не акупацыйныя, а рэйхсмаркі, дзейнічалі нямецкія законы —  па юрысдыкцыі гэта была Германія. Нехта з зайздросных вяскоўцаў напісаў данос, што дзед майго сябра ўзнагароджаны “Георгіем” за папярэднюю вайну, думаў, таго забярэ Гестапа. Але ж нямецкая адміністрацыйная машына спрацавала з логікай наадварот. Беларускаму “пластуну” немцы пачалі выплочваць пенсію за царскую ўзнагароду. Салдат ёсць салдат, герой ёсць герой – ваяваў за тую краіну, якой прысягаў на вернасць.

Вось такая чыста беларуская гісторыя пад дату заканчэння Першай сусветнай вайны.