100 гадоў таму

У беларусаў даўнія традыцыі ўласнай дзяржаўнасці, якая налічвае больш за тысячу гадоў. Першымі нашымі дзяржавамі былі Полацкае, Тураўска-Пінскае княствы. Потым паўстала Вялікае Княства Літоўскае… Вызвольныя паўстанні 1794, 1831 гадоў з’яўляліся спробамі нашых продкаў адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае ў складзе Рэчы Паспалітай – дзяржавы двух народаў. Упершыню ж пад сваёй цяперашняй назвай “беларусы” наш народ заявіў пра сябе падчас паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Вось тады ў нас паступова і стала складацца палітычная нацыя, якая ўрэшце і стварыла сённяшнюю Рэспубліку Беларусь.

Капіталізм у 1860-х гадах на Беларусі толькі пачынаўся. Так, у Мінскай губерні, дзе найвялікшым паветам быў Пінскі, налічвалася ўсяго 6 цукровых заводаў і 2 суконныя фабрыкі. Вось і ўся прамысловасць. Адна з гэтых суконных фабрык належала шляхецкаму роду Скірмунтаў. Самым вядомым яго прадстаўніком з’яўляецца Раман Скірмунт, які нарадзіўся 150 гадоў таму ў маёнтку Парэчча на Піншчыне. Фабрыка ў Парэччы была на той час вельмі перадавой вытворчасцю. Там працавала больш за 300 чалавек. Высокія зарплаты, высокія прыбыткі. Гадавы абарот 300 000 рублёў – шалёныя на той час грошы. Выконвалі дзяржаўны заказ на выраб сукна для афіцэрскіх шынялёў. Каб рабіць ворс на сукне, патрэбны адмысловыя варсавальныя шышкі, а яны раслі толькі ў Францыі, іх даводзілася там закупляць. Скірмунты заклалі на Піншчыне ўласную плантацыю па вырошчванні варсавальных шышак і неўзабаве ўжо самі заняліся іх экспартам.

На момант рэвалюцыі 1905 года Раман Скірмунт быў адным з самых багатых прамыслоўцаў у Беларусі. У 1906 годзе ён становіцца дэпутатам першай Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі. Перамогу на выбарах яму забяспечыла рэпутацыя, як бы сказалі сёння, “моцнага гаспадарніка”. Раман Скірмунт увайшоў у дэпутацкую Групу заходніх ускраінаў, дзе адстойваў інтарэсы беларусаў.

У Беларусі тым часам разгортваецца палітычнае жыццё. Беларускі нацыянальны рух прадстаўляюць у асноўным сацыялісты. Але ім патрэбны палітычны аўтарытэт, яны запрашаюць у склад Беларускага нацыянальнага камітэта Рамана Скірмунта. Адразу пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ён і ўзначальвае беларускую дэлегацыю ў Петраград на перамовы з Часовым урадам, каб патрабаваць шырокай аўтаноміі для Беларусі ў складзе новай дэмакратычнай Расіі. Аднак, пасля кастрычніцкай рэвалюцыі, калі ўлада пераходзіць да бальшавікоў, становіцца ясна, што дэмакратыя скончылася. І неўзабаве паўстае пытанне поўнай незалежнасці Беларусі. Што і адбываецца 25 сакавіка 1918 года з абвяшчэннем незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Раман Скірмунт становіцца яе прэм’ерам і сакратаром міжнародных спраў. Едзе ў складзе дэлегацый у Швейцарыю, Германію, ва Украіну, дамагаючыся прызнання гэтымі дзяржавамі нашай незалежнасці.

БНР так і не стала дзяржавай у поўным сэнсе гэтага слова. Але ж факт яе абвяшчэння прымусіў бальшавікоў стварыць ёй альтэрнатыву – абвесціць БССР. Вось так 100 гадоў таму пачыналася наша сённяшняя незалежнасць.

У міжваеннай Польшчы Раман Скірмунт зноў вяртаецца ў палітыку, яго абіраюць сенатарам. На гэтай пасадзе ён адстойваў правы нацыянальных меншасцяў. Жыццё гэтага ўнікальнага чалавека, які займаў высокія пасады ў трох дзяржавах, абарвалася ў 1939-м годзе. Яго без суда і следства расстралялі на загад савецкага камісара. Расстралялі мясцовыя людзі. Раман Скірмунт сустрэў смерць вочы ў вочы, сказаў, што ніколі раней не адварочваўся ад свайго народу, не адвернецца і цяпер.